Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 161

Эрих Мария Ремарк

— Хвілінку.

Я вярнуўся да Пат і сказаў ёй, каб яна крыху адпачыла. У мяне ёсць справа да Хасэ.

— Добра, Робі. Я зноў замарылася.

Я пайшоў па калідоры за фраў Залеўскі. Перад дзвярыма Хасэ ўжо сабраўся амаль увесь пансіянат: Эрна Бёніг у стракатым кімано з драконамі, з чырвонымі валасамі. Два тыдні назад яна яшчэ была бялюткай бландзінкай; філатэліст-скарбнік у хатняй куртцы вайсковага крою; бледны і спакойны Арлоў, які толькі што вярнуўся з танцаў у кавярні; Георгі, які нервова стукаў у дзверы і сцішаным голасам клікаў Хасэ; і нарэшце, Фрыда з вачыма, перакошанымі ад хвалявання, страху і цікаўнасці.

— Ты ўжо даўно барабаніш, Георгі? — спытаў я.

— Больш як чвэрць гадзіны, — адразу ж выкрыкнула Фрыда, якая ўся зачырванелася, — і ён дома, ён увогуле болыш нікуды не хадзіў, з полудня — нікуды, толькі ўвесь час бегаў па пакоі, туды-сюды, а потым стала ціха.

— Ключ тырчыць з сярэдзіны, — сказаў Георгі. — Ён замкнуўся.

Я глянуў на фраў Залеўскі.

— Трэба выштурхнуць ключ і адамкнуць. У вас ёсць яшчэ адзін ключ?

— Я зараз прынясу звязак, — заявіла Фрыда з нязвыклай стараннасцю. — Магчыма, нейкі падыдзе.

Мне далі драціну, я павярнуў ёй ключ і выштурхнуў яго. Ён са стукам упаў з таго боку на падлогу. Фрыда ўскрыкнула і абхапіла твар рукамі.

— Адыдзіцеся як мага далей, — сказаў я ёй і пачаў падбіраць ключы. Адзін падышоў. Я адамкнуў і адчыніў дзверы. У пакоі панаваў паўзмрок, і спачатку нікога не было відаць. Пасцелі вылучаліся светла-шэрымі плямамі, крэслы былі пустыя, шафы замкнёныя.

— Вось ён стаіць! — прашыпела з-за майго пляча Фрыда, якая зноў праціснулася бліжэй. Яе дыханне з пахам цыбулі апякло мне твар. — Там каля акна!

— Не, — сказаў Арлоў, які хутка зрабіў некалькі крокаў у пакой і вярнуўся ў калідор. Ён падштурхнуў мяне, узяўся за ручку дзвярэй і зноў зачыніў іх. Потым ён звярнуўся да астатніх:

— Было б лепш, каб вы ўсе пайшлі адсюль. Магчыма, нядобра бачыць такое.

Ён гаварыў паволі з цвёрдым расейскім акцэнтам, не адыходзячы ад дзвярэй.

— О божа! — прамармытала фраў Залеўскі і адышла назад. Эрна Бёніг таксама адступіла на некалькі крокаў. Толькі Фрыда імкнулася прабіцца наперад і ўхапіцца за ручку дзвярэй. Арлоў адціснуў яе назад.

— Сапраўды было б лепш… — сказаў ён яшчэ раз.

— Пан! — гаўкнуў раптам скарбнік, выпрастаўшыся. — Што вы сабе дазваляеце! Вы, іншаземец…

Арлоў спакойна зірнуў на яго.

— Іншаземец… — сказаў ён. — Іншаземец… усё роўна. Не ў гэтым справа.

— Што, мёртвы? — прашыпела Фрыда.

— Фраў Залеўскі, — сказаў я, — мне здаецца таксама, што будзе лепш, калі толькі вы застанецеся тут і, можа, Арлоў і я.

— Патэлефануйце адразу лекару, — сказаў Арлоў.

Георгі ўжо зняў слухаўку. Уся падзея не заняла і пяці секунд.

— Я застаюся! — заявіў скарбнік, расчырванеўшыся, як індык. — Як немец я маю права…

Арлоў паціснуў плячыма і зноў адчыніў дзверы. Потым ён уключыў электрасвятло. Жанчыны ўскрыкнулі і падаліся назад. Хасэ вісеў каля акна — твар цёмна-сіні, чорны язык высунуты.

— Адрэзаць, — крыкнуў я.

— Не мае сэнсу, — сказаў Арлоў няспешна, цвёрда і жалобна. — Мне вядома гэта… гэты твар… мёртвы, ужо некалькі гадзін.