Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 158
Эрих Мария Ремарк
Мы прыйшлі ў музей. Я думаў, што мы тут будзем адны, але, на маё здзіўленне, людзей было вельмі шмат. Я спытаў у вахцёра, што здарылася.
— Нічога, — адказаў той, — у дні, калі ўваход свабодны, заўсёды так.
— Вось бачыш, — сказала Пат. — Ёсць яшчэ шмат людзей, якія цікавяцца такімі рэчамі.
Вахцёр ссунуў шапку на патыліцу.
— Гэта не зусім так, паважаная фраў. Тут амаль адны беспрацоўныя. Яны прыходзяць не дзеля мастацтва. Ім няма чым заняцца. А тут хоць можна штосьці паглядзець.
— Такое тлумачэнне мне больш зразумела, — сказаў я.
— Цяпер яшчэ не так, — сказаў вахцёр. — Прыходзьце зімой. Набіта пад завязкі. Тут цёпла.
Мы пайшлі ў залу з развешанымі дыванамі. Гэта было ціхае бакавое памяшканне. Праз высокія вокны можна было зазірнуць у сад, дзе стаяў агромністы платан. Ён быў увесь пажоўклы, і ад яго святло ў памяшканні набыло жаўтлявае адценне.
Дываны былі шыкоўныя. Тут былі два дываны з шаснаццатага стагоддзя з выявамі звяроў, некалькі ісфаганскіх дываноў, польскія шаўковыя колеру ласіны з смарагдава-зялёным беражком. Гады і сонца дадалі іх фарбам зеленаватага адцення, і яны выглядалі як вялікія казачныя пастэлі. Ад гэтага памяшканне патанала ў пазачасавым настроі і гармоніі, чаго нельга было дасягнуць выстаўкай карцін. Сюды вельмі добра ўпісвалася акно з восеньскай лістотай платана і шэрым небам, быццам усё гэта было старым дываном.
Мы нейкі час пабылі тут, потым перайшлі ў іншыя залы. Тым часам людзей пабольшала, і цяпер яскрава было бачна, што яны не адпавядаюць асяроддзю. З бледнымі тварамі, у паношаных касцюмах, заклаўшы рукі за спіну, яны неяк баязліва хадзілі па залах, і іх вочы бачылі не карціны часоў Адраджэння і спакойна-велічныя скульптуры антычнасці, а нешта зусім іншае. Шмат хто з іх сядзеў на чырвоных, абабітых аксамітам канапах, змораныя, у такіх паставах, быццам былі гатовыя адразу ўстаць, калі б хто прыйшоў прагнаць іх. Па іх было відаць, што яны не зусім разумеюць, як можна адпачываць на такіх канапах і не плаціць за гэта. Яны прывыклі, што дарма нічога не даецца.
Ва ўсіх пакоях было вельмі ціха, хоць людзей, і было шмат, але ніхто не вымаўляў ні слова. І ўсё ж такі мне здалося, што я назіраю за жудаснай барацьбой, маўклівай барацьбой людзей, якія хоць і былі пераможаны, але не хацелі здавацца. Іх выкінулі з працы, імкненняў, прафесій, і цяпер яны прыйшлі ў ціхія залы мастацтва, каб не паддацца здранцвенню і адчаю. Яны думалі пра хлеб, толькі пра хлеб і працу. Сюды яны прыйшлі, каб на некалькі гадзін пазбавіцца ад гэтых думак. Ледзь цягнучы ногі, з абвіслымі плячамі, яны бязмэтна сноўдаліся між выразных галоў рымлянаў і непераўзыдзенай прыгажосцю белых грэчаскіх жаночых скульптураў… які страшэнны кантраст, якая несумяшчальная выява таго, чаго дасягнула чалавецтва за тысячагоддзі і чаго яно не дасягнула; створаны вяршыні бессмяротнага мастацтва, але не хапае хлеба для ўсіх смяротных…