Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 148

Эрих Мария Ремарк

— Убірайцеся, а то заробіце яшчэ, — сказаў яму Кёстэр.

Свайго Фогта я яшчэ раз стукнуў мордай аб асфальт і адпусціў. Ленц ужо стаяў каля Кёстэра. Яго пінжак быў парваны. З кутка рота ў яго цякла кроў. Яго бойка, здаецца, закончылася ўнічыю, бо хоць яго Фогт таксама быў у крыві, але ён стаяў на нагах. Паражэнне старэйшага брата вырашыла ўсё. Ніхто не адважваўся вымавіць хоць адно слова. Яны дапамаглі старэйшаму падняцца і пайшлі да сваёй машыны. Непаранены брат яшчэ раз вярнуўся і забраў дамкрат. Ён скасавурыўся на Кёстэра, як на нячыстую сілу. Потым «мерседэс» паехаў.

Аднекуль раптам з'явіўся каваль.

— Хапіла ім, — сказаў ён. — Даўно яны такога не каштавалі. Старэйшы ўжо сядзеў за забойства.

Ніхто яму не адказаў. Кёстэр раптам здрыгануўся.

— Свінства! — сказаў ён і павярнуўся. — Давайце!

— Я тут, — адклікнуўся Юп, падцягваючы прычэп для буксіроўкі.

— Падыдзі сюды, — сказаў я. — З сённяшняга дня ты — унтэр-афіцэр. Можаш паліць цыгары.

Мы паднялі перад машыны на прычэп і прымацавалі яго ззаду да «Карла».

— Думаеш, што яму не пашкодзіць? — спытаў я Кёстэра. — Наш «Карл» — імклівы стаеннік, а не ўючны асёл.

Ён пахітаў галавой.

— Тут недалёка. Дарога роўная.

Ленц сеў у пабітую машыну, і мы паціху паехалі. Я прыціскаў хусцінку да носа, гледзячы ў вечаровыя палі і на сонца перад заходам. Вакол панаваў надзвычайны спакой, нічым не патрывожаны, і адчувалася, што прыродзе было ўсё роўна, што тварыў у свеце гэты злосны мурашнік, які называў сябе чалавецтвам. Шмат важней было, што аблокі паступова ператвараліся ў залатыя горы, што фіялетавыя цені змяркання бясшумна наплывалі ад гарызонту, што жаўранкі вярталіся з бязмежнай прасторы неба ў свае барозны і што паступова на зямлю апускалася ноч.

Мы прыехалі ў свой двор. Ленц вылез з разбітай машыны і ўрачыста зняў перад ёй капялюш.

— Вітаем цябе, дабраславёная! Ты трапіла сюды з сумнай прычыны, але ты прынясеш нам, калі кінуць на цябе пяшчотны, няхай і павярхоўны позірк, трыста — трыста пяцьдзесят марак. А цяпер дайце мне шклянку вішнёвай настойкі і кавалак мыла — хачу адмыцца ад сям'і Фогтаў.

Мы выпілі па шклянцы, а потым узяліся адразу за разборку машыны. Не заўсёды было дастаткова таго, што гаспадар машыны заключаў з намі дагавор на рамонт. Часта прадстаўнікі страхавых кампаній патрабавалі перадаць заказ у адну з майстэрань, з якімі ў іх былі кантракты. Таму мы і стараліся — чым большая была разборка, тым лепш нам. Цана зборкі аказвалася потым настолькі высокай, што дзешавей было пакінуць машыну ў нас. Мы кінулі работу, калі ўжо сцямнела.