Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 149
Эрих Мария Ремарк
— Ты паедзеш сёння на таксі? — спытаў я Ленца.
— Не, — адказаў Готфрыд. — Імкнучыся зарабіць больш, нельга перастарацца. На сёння хопіць і гэтага.
— А мне — не, — сказаў я. — Калі ты не едзеш, то я з адзінаццаці да дзвюх пашчыпаю начныя рэстараны.
— Я не раю, — усміхнуўся Готфрыд. — Лепш паглядзіся ў люстэрка. У апошні час твайму носу не шанцуе. З такім чырвоным бураком да цябе не сядзе ніводзін пасажыр. Ідзі спакойна дадому і пакладзі на нос кампрэс.
Ён меў рацыю. З носам сапраўды не ўсё было ў парадку. Вось чаму я развітаўся і пайшоў дадому. Па дарозе я сустрэў Хасэ, і мы пратопалі астатак разам. Выгляд у яго быў змарнелы.
— Вы пахудзелі, — сказаў я.
Ён згодна кіўнуў галавой і расказаў мне, што ён вечарам амаль нічога не есць. Жонка ледзь не кожны вечар ходзіць да знаёмых, якія з'явіліся няведама адкуль. Дамоў яна прыходзіць позна. Ён рады, што яна знайшла сабе забаву, але ў яго няма жадання ў адзіноце гатаваць сабе ежу. Ён і есці не вельмі хоча, бо бывае занадта змораны. Я глянуў на яго збоку. Ён ішоў побач з абвіслымі плячыма, ён сапраўды верыў у тое, што казаў, але слухаць яго было жахліва. Гэтая сям'я і ціхае сціплае жыццё рушыліся: ім не хапала ні ўпэўненасці, ні грошай. Я падумаў, што ёсць мільёны такіх людзей і што ім заўсёды не хапае крыху пэўнасці і крыху грошай. Быццё нейкім жудасным чынам сціснулася ў дробязную барацьбу толькі за існаванне. Я падумаў пра сённяшнюю бойку, я ўспомніў убачанае за апошнія два тыдні, я ўспомніў усё, што я ўжо зрабіў… Потым я падумаў пра Пат. У мяне раптам з'явілася пачуццё, што ўсё гэта не можа суіснаваць. Я зрабіў завялікі скачок, жыццё стала занадта бруднае, каб быць шчаслівым. Гэтае шчасце не можа працягвацца, у яго больш не верылася, гэта быў толькі перадых, але не прыстанішча…
Мы падняліся па лесвіцы і адчынілі дзверы. Хасэ спыніўся ў прыхожай.
— Што ж, да пабачэння…
— З'ешце сёння што-небудзь, — сказаў я.
Ён пахітаў галавой са слабай усмешкай, быццам хацеў папрасіць прабачэння, і падаўся ў свой пусты цёмны пакой. Я паглядзеў яму ўслед. Потым я пайшоў па калідоры, падобным на рукаў. Раптам я пачуў, што нехта ціха спявае. Я спыніўся і прыслухаўся. Гэта быў не патэфон Эрны Бёніг, як мне спачатку здалося. Гэта быў голас Пат. Яна была адна ў пакоі і спявала. Я глянуў на дзверы, за якімі знік Хасэ, я зноў нахіліўся і прыслухаўся. Раптам я сціснуў кулакі. Ліха забяры! Няхай гэта тысячу разоў будзе перадых, а не прыстанішча, няхай гэта ўсё тысячу разоў будзе настолькі чужое і не сумяшчальнае, што паверыць нельга — менавіта, што нельга паверыць, менавіта таму заўсёды шчасце было такое нечакана новае і ўладарнае…