Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 147

Эрих Мария Ремарк

— Мы паспелі ў самы раз, — сказаў Кёстэр.

— Гэта браты Фогты, — сказаў каваль. — Небяспечная банда. Жывуць вунь там. Тое, што трапляецца ім у лапы, нялёгка вырваць.

— Пабачым, — сказаў Кёстэр.

— Я ўжо ім растлумачыў, пан Кёстэр, — прашаптаў Юп. — Нячыстая канкурэнцыя. Яны хочуць забраць машыну ў сваю майстэрню.

— Добра, Юп. Пакуль што пабудзьце тут.

Кёстэр накіраваўся да самага высокага з усіх і звярнуўся да яго. Ён заявіў яму, што машына — наша.

— У цябе ёсць які-небудзь цвёрды прадмет? — спытаў я Ленца.

— Толькі ключы, яны мне самому спатрэбяцца. Вазьмі гаечны.

— Лепш не трэба, — сказаў я. — Ім можна нанесці цяжкія цялесныя пашкоджанні. Шкада, што на мне такія лёгкія туфлі. Няма нічога лепшага за ўдар нагой.

— Вы дапаможаце? — спытаў Ленц каваля. — Тады нас будзе чатыры на чатыры.

— Я асцерагуся. А то заўтра яны мне разнясуць кузню. Я застануся строга нейтральны.

— І правільна, — сказаў Готфрыд.

— Я памагу, — Заявіў Юп.

— Не лезь! — сказаў я. — Сачы толькі, каб хто не з'явіўся, і ўсё.

Каваль крыху адышоўся ад нас, каб яшчэ выразней паказаць сваю строгую нейтральнасць.

— Не пудры мне мазгі! — адразу ж пачуў я, як на Кёстэра насядаў самы высокі. — Хто першы прыйшоў, той і забярэ. Усё! А цяпер валіце адсюль!

Кёстэр яшчэ раз растлумачыў, што машына — наша. Ён прапанаваў Фогту з'ездзіць разам у санаторый, каб там ён змог упэўніцца. Той толькі пагарддіва выскаліўся. Мы з Ленцам падышлі бліжэй.

— Вам, відаць, таксама захацелася ў бальніцу? — спытаў Фогт.

Кёстэр нічога не адказаў. Ён падышоў да машыны. Яшчэ тры Фогты наструніліся. Яны стаялі кучкай.

— Дайце мне трос, — сказаў нам Кёстэр.

— Цішэй, хлапец! — прамовіў старэйшы Фогт. Ён быў на галаву вышэйшы за Кёстэра.

— Шкада, — сказаў Кёстэр. — Але машыну мы забяром.

Я з Ленцам, трымаючы рукі ў кішэнях, падступіліся яшчэ бліжэй. Кёстэр нахіліўся да машыны. У тую ж секунду Фогт ударам нагі адштурхнуў яго. Ота на гэта разлічваў. У той самы момант ён ухапіў Фогта за нагу і зваліў на зямлю. Потым падхапіўся і ўдарыў у жывот другога Фогта, які ўжо замахнуўся на яго ручкай дамкрата. Той захістаўся і таксама ўпаў. Доўга не чакаючы, мы з Ленцам кінуліся на двух астатніх братоў. Мяне адразу ўдарылі ў твар. Нічога страшнага, але з носа пайшла кроў, мой удар аказаўся няўдалым — кулак толькі слізгатнуў па тлустай сківіцы; я атрымаў яшчэ раз пад вока і спатыкнуўся так няўдала, што Фогт ударам у жывот зваліў мяне на зямлю. Ён прыціснуў мяне да асфальту і абхапіў шыю. Я ўвесь напружыўся, не даючы яму задушыць мяне і спрабуючы выкруціцца з-пад яго, каб адкінуць яго нагамі ці ўдарыць у жывот. Але Ленц і яго Фогт біліся на маіх нагах, і я не мог ніяк вызваліцца. Нягледзячы на тое, што я напружваў шыю, дыхаць мне было цяжка — кроў у носе не прапускала паветра. Паступова вочы мае пачалі заплываць туманам, твар Фогта затросся, як студзень, а ў галаве замільгалі чорныя плямы. Ужо амаль без памяці я ўбачыў побач Юпа — ён стаяў на каленях у рове, спакойна і ўважліва сочачы за маімі сутаргамі. А потым, улучыўшы адпаведны момант у нашай схватцы, ён ударыў Фогта малатком па запясці. Пасля другога ўдару Фогт адпусціў маю шыю і, седзячы на зямлі, злосна паспрабаваў злавіць Юпа, які, адсунуўшыся на метр, спакойна нанёс яму трэці смачны ўдар па пальцах і яшчэ адзін — па галаве. Я ўскочыў на ногі, наваліўся на Фогта і ўжо ў сваю чаргу ўхапіў яго за гарляк. У гэты момант раздаўся жывёльны рык, а потым віск: «Пусці, пусці!» Гэта прасіўся старэйшы Фогт. Кёстэр закруціў яму руку за плечы. Фогт унурыўся галавой у дол, а Кёстэр упёрся яму каленямі ў спіну, працягваючы круціць руку. Каленам ён падціскаў яе да патыліцы. Фогт лямантаваў, але Кёстэр ведаў, што яго трэба даканаць як след, а то ён не супакоіцца. Ён рыўком вывіхнуў яму руку і толькі тады выпусціў. Фогт нейкі час паляжаў яшчэ на зямлі. Я азірнуўся вакол. Адзін з братоў яшчэ стаяў на нагах, але крык брата цалкам паралізаваў яго.