Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 146
Эрих Мария Ремарк
— Адсюль амаль гадзіна язды, — запярэчыў Кёстэр.
Сястра незычліва глянула на яго.
— Мы для такіх спраў непрыстасаваныя. І лекара няма…
— Тады вы парушаеце закон, — заявіў Ленц. — Ва ўстановах такога тыпу павінен быць пастаянны лекар. Вы дазволіце мне патэлефанаваць з вашага тэлефона? Я хачу звязацца з паліцыяй і з рэдакцыяй газеты.
Сястра завагалася.
— Мне здаецца, вам няма чаго хвалявацца, — холадна сказаў Кёстэр. — Мы вам добра заплацім. Нам перш за ўсё патрэбны насілкі. Да лекара вы, напэўна, датэлефануецеся.
Яна ўсё яшчэ была ў нерашучасці.
— Насілкі, — растлумачыў Ленц, — павінны быць тут таксама згодна з законам, як і перавязачны матэрыял.
— Добра, добра, — паспешліва адказала яна, відавочна разгубленая ад такіх багатых ведаў, — зараз я некага прышлю…
Яна знікла.
— Вось і ўсё, — сказаў я.
— Тое ж самае магло быць і ў гарадской бальніцы, — спакойна адказаў Готфрыд. — Спачатку грошы, потым бюракратыя, потым дапамога.
Мы вярнуліся да машыны і дапамаглі жанчыне вылезці. Яна моўчкі паглядала ўвесь час на свае рукі. Мы завялі яе ў невялічкае памяшканне на першым паверсе. Потым нам далі насілкі, каб прынесці мужчыну. Мы прынеслі і яго. Ён стагнаў.
— Хвілінку… — Мы паглядзелі на яго. Ён заплюшчыў вочы. — Я хачу, каб пра гэта ніхто не ведаў, — з цяжкасцю прамовіў ён.
— Вы зусім не вінаватыя, — адказаў Кёстэр. — Мы з пачатку да канца бачылі, як гэта здарылася, і будзем сведчыць на вашу карысць.
— Не ў гэтым справа, — сказаў мужчына. — Па іншай прычыне мне не хацелася б, каб пра гэта ведалі… Разумееце… — Ён глянуў на дзверы, куды пайшла жанчына.
— Тады гэта — самае лепшае месца, — заявіў Ленц. — Гэта прыватная бальніца. Адно толькі застаецца: убраць вашу машыну, пакуль не з'явіцца паліцыя.
Мужчына аблакаціўся.
— Можа, вы пастараецеся для мяне? Патэлефануйце ў майстэрню… І дайце мне ваш адрас. Я хацеў бы… я вам вельмі ўдзячны…
Кёстэр адмахнуўся.
— І ўсё ж, — сказаў мужчына. — Я хацеў бы ведаць…
— Вельмі проста, — адказаў Ленц. — У нас у саміх ёсць майстэрня. Мы рамантуем такія машыны, як ваша. З вашай згоды мы зараз адбуксіруем яе і прывядзём у парадак. Такім чынам, у нейкай ступені будзе добра і вам, і нам.
— Вельмі добра, — сказаў мужчына. — Вазьміце мой адрас… Я сам забяру машыну. Ці кагосьці прышлю.
Кёстэр сунуў візітную картку ў кішэнь, і мы занеслі мужчыну ў пакой. За гэты час прыйшоў малады лекар. Ён вымыў кроў у жанчыны на твары. Цяпер былі бачны глыбокія парэзы. Жанчына абаперлася на здаровую руку і ўтаропілася на бліскучую нікелевую чашу на перавязачным стале.
— О! — ціха вымавіла яна і з адчаем у вачах адвалілася назад.
Мы паехалі ў вёску і спыталі, ці ёсць тут майстэрня. Там у каваля мы пазычылі сталёвы трос і прыладу для буксіроўкі, паабяцаўшы яму за гэта дваццаць марак. Але недаверлівы каваль захацеў сам паглядзець на машыну. Мы ўзялі яго з сабой і паехалі.
Юп стаяў пасярод шашы і махаў нам рукой. Але мы ўжо і самі зразумелі, што здарылася. На ўзбочыне стаяў стары «мерседэс» з высокімі бартамі. Чацвёра мужчын рыхтаваліся адбуксіраваць пашкоджаную машыну.