Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 150
Эрих Мария Ремарк
Пат не чула, як я прыйшоў. Яна сядзела на падлозе перад люстэркам, так і сяк прымяраючы чорны капялюшык. Побач з ёй на дыване стаяла лямпа. Пакой быў запоўнены цёплым карычнева-залацістым змрокам. Толькі яе твар быў ярка асветлены. Яна прысунула да сябе крэсла, са спінкі якога звісаў кавалак шаўковай тканіны. На крэсле ляжалі бліскучыя нажніцы.
Я ціха спыніўся каля дзвярэй, гледзячы, як сур'ёзна яна была занятая капялюшыкам. Яна любіла сядзець на падлозе. Часта вечарам я знаходзіў яе ў якім-небудзь куточку на падлозе, дзе яна засынала з кніжкай у руках і сабакам пры боку.
Сабака і цяпер ляжаў каля яе. Ён завурчаў. Пат падняла вочы і ўбачыла мяне ў люстэрку. Яна заўсміхалася, і мне здалося, быццам дзякуючы гэтаму ўсё на свеце пасвятлела. Я пайшоў праз пакой, стаў за яе спіной на калені і, забываючы ўвесь дзённы бруд, дакрануўся вуснамі да цёплай, мяккай скуры яе галавы.
Яна паказала мне чорны капялюшык.
— Я перарабіла яго, мілы. Табе так падабаецца?
— Шыкоўны капялюшык, — сказаў я.
— Але ж ты нават не глянуў на яго! Я абрэзала ззаду поле, а спераду заламала ўверх.
— Я ўсё добра бачу, — сказаў я, схаваўшы твар у яе валасы, — глянуўшы на твой капялюшык, парыжскія мадэльеры збялелі б ад зайздрасці.
— Ну, Робі! — Яна са смехам адштурхнула мяне. — Ты нічога ў гэтым не разумееш. Ці заўважаеш ты ўвогуле, што на мне?
— Я бачу самую маленькую дробязь, — заявіў я, падсаджваючыся да яе на падлозе, але стараючыся трымаць нос у цені.
— Няўжо? У чым жа я была ўчора ўвечары?
— Учора? — Я задумаўся. Я сапраўды не памятаў.
— Так я і ведала, мілы! Ты ўвогуле амаль нічога не ведаеш пра мяне.
— Сапраўды, — сказаў я. — Але менавіта ў гэтым і соль. Чым больш ведаеш адзін пра аднаго, тым больш непаразуменняў. І чым бліжэй знаёмішся, тым больш адчужаешся. Вазьмі, напрыклад, сям'ю Хасэ: яны ўсё ведаюць адзін пра аднаго і спрыкралі адзін аднаму горш, чым чужыя.
Яна надзела маленькі чорны капялюшык на галаву і стала прымяраць перад люстэркам.
— Тое, што ты кажаш, толькі напалову праўда, Робі.
— Так бывае з усімі праўдамі, — адказаў я. — І з гэтым нічога не зробіш. На тое мы — людзі. І сваімі паўпраўдамі мы робім даволі шмат глупстваў. А з праўдай мы і жыць не змаглі б.
Яна зняла капялюш і адклала яго ўбок. Потым павярнулася да мяне і заўважыла мой нос.
— Што гэта? — са страхам спытала яна.
— Нічога асаблівага. Толькі глядзіцца непрыгожа. Я працаваў пад машынай, і на мяне звалілася жалязяка.
Яна з недаверам зірнула на мяне.
— Бог ведае дзе ты пабываў зноў! Ты мне ніколі нічога не кажаш. Я ведаю пра цябе гэтаксама мала, як і ты пра мяне.
— А так і лепш, — сказаў я.
Яна прынесла міску з вадой і ручнік і прыклала мне кампрэс. Потым уважліва паглядзела на мяне яшчэ раз.
— Падобна, што цябе ўдарылі. Шыя таксама падрапана. У цябе, відаць, былі прыгоды, мілы.
— Самая вялікая сённяшняя прыгода яшчэ чакае мяне, — сказаў я.
Яна здзіўлена зірнула на мяне.
— Гледзячы на ноч, Робі! Што ты яшчэ прыдумаў?
— Я застаюся тут! — адказаў я, адкінуў кампрэс і абняў яе. — Я ўвесь вечар буду з табой!