Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 145
Эрих Мария Ремарк
Усё гэта здарылася за некалькі секунд. У наступны момант мы падляцелі на высокай хуткасці, колы заскрыгаталі, Кёстэр правёў «Карла», нібы каня, паміж матацыклістам, матацыклам і машынай, якая стаяла ўпоперак дарогі. Ад яе валіла пара. Злева ён ледзь не зачапіў руку пацярпелага, а справа — задні бампер чорнай машыны. Потым матор зароў, і «Карл» зноў выйшаў на прамую. Завішчалі тармазы, і ўсё замоўкла.
— Выдатна, Ота, — сказаў Ленц.
Мы пабеглі назад і адчынілі дзверцы машыны. Матор яшчэ працаваў. Кёстэр выцягнуў ключ запальвання. Пыхканне матора замерла, і да нас данесліся стогны.
Усе шыбы цяжкага лімузіна былі пабіты. У паўзмроку машыны мы ўбачылі заліты крывёй твар жанчыны. Побач з ёю быў мужчына, заціснуты паміж рулём і сядзеннем. Мы спачатку выцягнулі жанчыну і паклалі яе на зямлю. Яе твар быў парэзаны, некалькі асколкаў тырчалі яшчэ, але кроў ішла бесперастанку. Горш было з правай рукой. Рукаў белага касцюмнага жакета быў ярка-чырвоны. З яго сачылася кроў. Ленц разрэзаў яго. Кроў хлынула струменем і ўвесь час не пераставала ісці. Была перарэзана вена. Ленц скруціў жгутам насавую хусцінку.
— Вызваляйце мужчыну, а я тут спраўлюся адзін, — сказаў ён. — Трэба хутчэй даставіць іх у бальніцу.
Каб вызваліць мужчыну, трэба было зняць спінку сядзення. На шчасце, у нас было з сабой дастаткова інструментаў, і справа пайшла хутка. Чалавек таксама быў увесь у крыві. У яго, відаць, былі паламаны скабы. Калі мы дапамаглі яму вызваліцца, ён з крыкам паваліўся на зямлю. Было пашкоджана і калена. Але мы пакуль што нічым дапамагчы не маглі. Кёстэр задам падагнаў «Карла» да самага месца здарэння. Жанчына, убачыўшы яго так блізка каля сябе, закрычала ад страху, хоць машына і рухалася вельмі павольна. Мы адкінулі спінку пярэдняга сядзення і паклалі мужчыну. Жанчыну мы пасадзілі на задняе сядзенне. Я стаў побач з ёй на падножку, а Ленц з другога боку падтрымліваў мужчыну.
— Застанься тут і прыгледзь за машынай, Юп, — сказаў Ленц.
— А дзе ж матацыкліст? — спытаў я.
— Зматаўся, пакуль мы былі занятыя, — заявіў Юп.
Мы паволі паехалі. Недадёка ад вёскі быў маленькі санаторый. Мы часта бачылі яго, праязджаючы міма. На ўзгорку стаяў нізкі белы будынак. Наколькі нам было вядома, тут размяшчалася прыватная псіхіятрычная бальніца для багатых. Вядома ж, там павінен быць лекар і кабінет для перавязак. Мы ўз'ехалі на пагорак і пазванілі. Выйшла вельмі сімпатычная медсястра. Убачыўшы кроў, яна аж пабялела і пабегла назад. Адразу ж выйшла другая, старэйшая.
— Спачуваю, — сказала яна, — мы не маем абсталявання для аказання першай дапамогі пры няшчасных выпадках. Вам трэба ехаць у бальніцу Вірхава. Гэта недалёка.