Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 144

Эрих Мария Ремарк

— Вось гэта шанцуе! — раптам пачуў я гучны голас Густава. — Гэта ўжо не проста падвязло, гэта — падваліла! — Ён ляпнуў мяне па плячы. — Ты адхапіў сто восемдзесят марак, шчаслівы! Твой конік са смешнай мянушкай перамог!

— Ды няўжо? — спытаў я.

Мужчына з разжаванай цыгарай у зубах і ў шыкоўнай яркай сарочцы кісла кіўнуў і забраў у мяне квіток.

— Хто вам параіў?

— Я, — з жудасна пакорлівай усмешкай, гатовы на ўсё, паспешліва сказаў Білінг і з паклонамі прабіўся наперад. — Я, калі дазволіце… мае сувязі…

— Ну, ці ведаеш… — Шэф нават не зірнуў на яго і выплаціў мне грошы. На нейкі момант ва ўсім памяшканні ўсталявалася мёртвая цішыня. Усе глядзелі на мяне. Нават той, хто абыякава жаваў увесь час, падняў галаву.

Я схаваў грошы.

— Спыніцца! — шаптаў Білінг. — Спыніцца! — Твар яго пакрыўся чырвонымі плямамі. Я ўторкнуў яму ў руку дзесяць марак.

Густаў усміхаўся, штурхаючы мяне кулаком пад скабы.

— Вось бачыш! Што я табе казаў! Трэба толькі слухаць Густава, і будзеш заграбаць грошы лапатай.

Я не стаў напамінаць былому яфрэйтару санітарнай службы пра Гірсі. Ён, відаць, неўзабаве і сам успомніў пра яе.

— Пайшлі, — сказаў ён. — Сёння не наш дзень.

Каля дзвярэй мяне нехта таргануў за рукаў. Я ўбачыў «Старанную Лізхен».

— На каго вы паставілі б на скачках памяці Маслоўскага? — спытаў ён з прагнай павагай.

— Толькі на «О, таннэнбаўм», — сказаў я і пайшоў з Густавам у піўную, каб выпіць чарку за здароўе Сіняй Гадзіны. Праз гадзіну я зноў прайграў трыццаць марак. Я ўсё-такі не мог спыніцца. Але потым перастаў. На выхадзе Білінг сунуў мне паперку.

— Калі вам штосьці спатрэбіцца… альбо вашым знаёмым. Я — прадстаўнік фірмы. — Гэта была рэклама фільмаў для паказу дома. — Пасрэднічаю таксама пры продажы ношанага адзення, — крыкнуў ён мне ўслед. — За наяўны разлік!

У сем гадзін я вярнуўся ў майстэрню. «Карл», заведзены, стаяў у двары.

— Добра, што ты прыйшоў, Робі, — усклікнуў Кёстэр. — Мы якраз хочам праверыць яго. Сядай!

Уся фірма стаяла, чакаючы. Ота сёе-тое змяніў і палепшыў у машыне — праз чатырнаццаць дзён ён хацеў прыняць удзел у гонках. Цяпер праводзілася першая проба.

Мы селі ў машыну. Юп сеў каля Кёстэра, закрыўшы ўвесь твар магутнымі гоначнымі акулярамі. У яго сэрца разарвалася б, калі б яго не ўзялі з сабой. Мы з Ленцам селі ззаду.

«Карл» ірвануў. Мы выехалі з горада на шашу і пагналі з хуткасцю сто сорак кіламетраў. Ленц і я нахіліліся да спінак пярэдніх сядзенняў. Вецер дзьмуў з такой сілай, што здавалася, адарве галовы.

Паабапал шашы мільгалі таполі, шыны свісталі, а чароўны гук матора, нібы дзікі ўскрык трапіўшага на волю, прабіраў нас наскрозь. Праз чвэрць гадзіны мы ўбачылі наперадзе кропку, якая рухалася з хуткасцю 80-100 кіламетраў. Яна была няўстойлівая і віхляла туды-сюды. Дарога была даволі вузкая. Кёстэр збавіў хуткасць. Калі нас аддзялялі сто метраў і мы хацелі пасігналіць, раптам убачылі, што па бакавой дарозе справа набліжаецца матацыкліст, які адразу ж схаваўся за кустамі каля скрыжавання.

— Ліха яго забяры! — крыкнуў Ленц. — Зараз нешта будзе!

У той самы момант мы ўбачылі матацыкліста, які выскачыў на шашу перад самай машынай. Ён, відаць, не разлічыў хуткасці і таму спрабаваў яшчэ размінуцца на завароце. Машына рэзка дала налева, каб такім чынам пазбегнуць сутыкнення, але і матацыкл завярнуў налева. Машыну зноў кінула ўправа, і яна крылом зачапіла матацыкл. Ён перавярнуўся. Матацыкліста кінула праз руль на шашу. Машыну занесла, шафёр не справіўся з кіраваннем. Машына знесла дарожны знак, сагнула ліхтарны слуп і з шумам і трэскам урэзалася ў дрэва.