Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 134
Эрих Мария Ремарк
Густаў быў удачлівы чалавек. Бацька яго дзяўчыны не толькі гадаваў доберманаў — ён быў яшчэ гаспадаром шынка «Новая келля». Сама нявеста трымала плісіровачную майстэрню. Густаў жыў прыпяваючы. У цесця ён бясплатна еў і піў, а нявеста мыла і прасавала яго кашулі. Ён не спяшаўся жаніцца. Тады ўсе клопаты леглі б на яго плечы.
Я заявіў Густаву, што доберман — не тое, што трэба. Ён завялікі, а характар у яго — ненадзейны.
Густаў на хвілінку задумаўся.
— Пайшлі, — сказаў ён. — Пойдзем паглядзім. Ёсць ідэя. Толькі ты памаўчы.
— Добра.
Ён падвёў мяне да невялічкай крамы. У вітрыне былі выстаўлены акварыумы, парослыя водарасцямі. У скрынцы сядзела некалькі сумных марскіх свінак. Па баках віселі клеткі, у якіх нястомна лёталі чыжыкі, гілі і канарэйкі.
Насустрач нам выйшаў крываногі чалавек невысокага росту ў карычневай вязанай кофце. Вадзяністыя вочы, азызлы твар, замест носа — бліскучы паяльнік… відаць, што аматар піва і гарэлкі.
— Скажы, Антон, як пажывае Аста? — спытаў Густаў.
— Другі прыз і ганаровы прыз у Кёльне! — сказаў Антон.
— Якая подласць! — заявіў Густаў. — Чаму не першы?
— Першы яны аддалі Уда Бланкенфэльсу, — буркнуў Антон.
— Ну што ты скажаш! Прайдзісветы!
У глыбіні крамы цяўкалі і вішчалі шчаняты. Густаў пайшоў туды. Ён прынёс, ухапіўшы за каршэнь, двух маленькіх тэр'ераў: у левай руцэ чорна-белага шчанюка, у правай — светла-карычневага. Непрыкметна пагайдалася рука з карычневым. Я глянуў на яго: добра.
Шчанюк быў прыгожы, як цацка. Ногі былі роўныя, тулава — квадратнае, галава — чатырохкутная, разумная і нахабная. Густаў адпусціў іх, і яны пабеглі.
— Смешны мяшанец, — сказаў ён, паказваючы на рудога. — Адкуль ён у цябе?
Антон, з яго слоў, атрымаў яго ад нейкай дамы, якая з'ехала ў Паўднёвую Амерыку. Густаў зарагатаў, не паверыўшы. Антон пакрыўджана паказаў генеалагічнае дрэва, якое даходзіла аж да Ноевага каўчэга. Густаў пагардліва адмахнуўся і зацікавіўся чорна-белым. Антон за рудога прасіў сто марак. Густаў даваў пяць. Яму не падабаўся прадзед. Ён раскрытыкаваў хвост і вушы. Вось чорна-белы — гэты быў у парадку. Я стаяў паводдаль і слухаў. Раптам нехта схапіў мой капялюш. Я ў здзіўленні азірнуўся. У кутку на жэрдзі сядзела малпа, крыху скурчыўшыся. У яе была жоўтая поўсць і сумны твар, чорныя, круглыя вочкі і заклапочаная складка каля рота, як у старой жанчыны. Яе жывот аблягала скураная дзяга, да якой мацаваўся ланцуг. Маленькія, чорныя ручкі жахліва напаміналі чалавечыя.
Я стаяў спакойна. Малпа паволі рухалася бліжэй да мяне. Яна ўвесь час пазірала на мяне, без падазронасці, а нейкім дзіўным утаропленым позіркам. Нарэшце яна асцярожна працягнула мне ручку. Я падаў ёй адзін палец. Здавалася, што бедны, нямы чалавечак, загнаны ў згорбленае цела, хоча вызваліцца адтуль. Нельга было доўга глядзець у смяртэльна сумныя вочы.
Засопшыся, Густаў зноў вынырнуў з лесу радаслоўных дрэў.