Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 133

Эрих Мария Ремарк

— Хопіць надоўга. Табе пашанцавала. Гэта ўстойлівы гатунак, які цвіце позна. Хопіць да верасня. А тады з'явяцца астры і хрызантэмы. Пайшлі, я іх зараз пакажу табе.

Мы пайшлі праз сад. Ружы пахлі хмельна. У кветках гудзеў рой пчол.

— Ты толькі паглядзі, — сказаў я і спыніўся. — Адкуль яны? У цэнтры горада… Паблізу ж няма нідзе пчэльніка. Альбо ты думаеш, што пастары парастаўлялі вуллі на дахах?

— Не, брат, — адказаў Ленц. — Яны, я ўпэўнены, прылятаюць з сялянскай сядзібы. Проста яны ведаюць дарогу. — Ён падміргнуў. — А мы?

Я паціснуў плячыма.

— Мусіць, ведаем. Хоць крышку. Столькі, колькі можна. А ты не ведаеш?

— Не. І ведаць не хачу. Мэта робіць цябе нявольнікам жыцця.

Я зірнуў уверх на вежу сабора. Яна вылучалася шаўкавіста-зялёным сілуэтам на фоне блакітнага неба, бясконца старая і спакойная, вакол якой кружыліся ластаўкі.

— Як тут ціха! — сказаў я.

Ленц кіўнуў.

— Так, дарагі мой, тут адчуваеш, што табе толькі часу не хапала, каб стаць добрым чалавекам. Праўда?

— Часу і спакою, — адказаў я. — І спакою.

Ён засмяяўся.

— Запозна! Мы дажылі да таго, што спакою не вытрымалі б! Дык пайшлі! Назад — у вір!

Я высадзіў Готфрыда і вярнуўся на стаянку. Я праязджаў міма могілак. Я ведаў, што Пат зараз ляжыць у шэзлонгу на балконе. Я пасігналіў. Але ніхто не падаў знаку, і я паехаў далей. Затое, крыху праехаўшы, я ўбачыў фраў Хасэ. Яна, апранутая ў нейкую накідку з шаўковай тафты, ішла па вуліцы, а потым знікла за рогам. Я паехаў за ёй, каб спытаць, ці не падвезці яе. Але калі я пад'ехаў да скрыжавання, то ўбачыў, што яна садзіцца ў машыну, якая спынілася за рогам вуліцы. Гэта быў заезджаны «мерседэс» вытворчасці 1923 года. Ён хутка ад'ехаў. За рулём сядзеў чалавек з носам, падобным да качынай дзюбы. На ім быў стракаты касцюм у клетку. Я даволі доўга глядзеў услед машыне. Вось што атрымліваецца, калі жанчына ўвесь час сядзіць адна дома. У роздуме я накіраваўся да стаянкі і заняў сваю чаргу.

Сонца прапякло верх. Чарга рухалася марудна. Я драмаў, спрабуючы заснуць. Але з галавы не выходзіў вобраз фраў Хасэ. Хоць у нас усё было не так, але Пат таксама на цэлы дзень заставалася адна!

Я вылез з машыны і пайшоў наперад да таксі Густава.

— На, выпі, — прапанаваў ён мне і падаў тэрмас. — Халодненькая! Сам прыдумаў! Кава з лёдам. Пры такой спякоце не награваецца гадзінамі. Так, так… Густаў — чалавек практычны!

Я наліў у кубак і выпіў.

— Калі ты такі практычны, — сказаў я, — дык раскажы мне, як забавіць жанчыну, якая падоўгу застаецца адна.

— Вельмі проста! — Густаў з перавагай глянуў на мяне. — Дарагі Роберт! Трэба дзіця альбо сабака. Спытайся ў мяне пра нешта цяжэйшае.

— Сабака! — сказаў я здзіўлена. — Вядома ж, ліха тваёй мацеры, патрэбны сабака! Ты — малайчына. Калі ёсць сабака, чалавек — не адзін!

Я прапанаваў яму запаліць.

— Слухай, можа, у цябе ёсць штосьці такое на прыкмеце? Сёння сабака, мусіць, не дорага каштуе.

Густаў дакорліва пахітаў галавой.

— Роберт, ты, відаць, сапраўды не ўяўляеш сабе, што я значу для цябе. Мой будучы цесць — другі сакратар таварыства ўладальнікаў доберман-пінчэраў. Вядома, ты можаш набыць сабе шчанюка, нават задарма, з першакласнай радаслоўнай. Адна сучка ашчанілася, шасцярых прывяла… Іх бабуля — медалістка Герта з Тогенбурга…