Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 136

Эрих Мария Ремарк

— Я абяцаў сказаць вам пра справы фраў Хольман, — сказаў Жафэ.

Я кіўнуў галавой і глянуў на стракаты плюшавы абрус. Я ўтаропіўся ў перапляценне шасцікутнікаў, і ў мяне з'явілася вар'яцкая надзея, што ўсё будзе добра, калі я толькі вытрываю і не міргну да наступных слоў Жафэ.

— Два гады назад яна правяла шэсць месяцаў у санаторыі. Вы гэта ведаеце?

— Не, — адказаў я, не адрываючы позірк ад абруса.

— Пасля таго стан палепшыўся. Я добра абслухаў яе. На гэтую зіму ёй трэба зноў паехаць туды. Ёй нельга заставацца тут у горадзе.

Я ўсё яшчэ ўзіраўся ў шасцікутнікі. Яны расплываліся і пачалі скакаць.

— Калі ехаць? — спытаў я.

— Увосень. Найпазней — у канцы кастрычніка.

— Гэта была невыпадковая кравацеча?

— Не.

Я ўзняў вочы.

— Відаць, не трэба казаць вам, — працягваў Жафэ, — што развіццё хваробы цяжка прадказаць. Год назад здавалася, што працэс спыніўся, наступіла інкаплюсацыя, і можна было падумаць, што ачаг закрыўся. Як працэс нечакана ўзнавіўся, так нечакана ён можа і спыніцца. Я кажу не проста так — гэтак бывае сапраўды. У маёй практыцы былі дзіўныя выпадкі выздараўлення.

— А пагоршання?

Ён зірнуў на мяне.

— Вядома, здаралася.

Ён пачаў тлумачыць мне дэталі. Абодва лёгкія былі пашкоджаны, правае менш, левае — больш. Потым ён перапыніў сябе і, пазваніўшы, выклікаў сястру.

— Прынясіце маю папку.

Сястра прынесла. Жафэ дастаў два вялікія здымкі. Ён зняў траскучыя канверты і паднёс здымкі да святла супроць акна.

— Так будзе лепш відаць. Гэта рэнтгенаўскія здымкі.

На празрыстай шэрай пласцінцы я ўбачыў пазваночнік, лапаткі, ключыцы, плечавыя суставы і палогія дугі скабаў. Але я бачыў і яшчэ штосьці — я бачыў шкілет. Цёмны і прывідны, ён вылучаўся з невыразных, пераплеценых ценяў здымка. Я бачыў шкілет Пат. Шкілет Пат.

Жафэ абводзіў пінцэтам асобныя лініі і зацямненні на пласцінцы, тлумачачы іх. Ён не заўважаў, што я зусім не гляджу туды. Ім завалодала грунтоўнасць вучонага. Нарэшце ён павярнуўся да мяне.

— Вы зразумелі?

— Зразумеў, — адказаў я.

— Што здарылася? — спытаў ён.

— Нічога, — адказаў я. — Мне не ўсё відаць.

— Ах, вось што… — Ён паправіў акуляры. Потым ён паклаў здымкі назад у канверт і ўважліва прыгледзеўся да мяне. — Не забівайце сабе галаву лішнімі думкамі.

— Я не забіваю. Але што за д'ябальская несправядлівасць! Мільёны людзей здаровыя! Чаму гэты адзін — хворы?

Жафэ хвілінку памаўчаў.

— На ваша пытанне ніхто не адкажа, — сказаў ён.

— Так, — прамовіў я ў раптоўным жудасным адчаі. Я нібы аглух ад злосці. — Ніхто не адкажа! Вядома, не! За несправядлівасць і смерць ніхто не адказвае! Пракляцце! І нічога не зробіш!

Жафэ доўга глядзеў на мяне.

— Прабачце, — сказаў я. — Але я не магу падманваць сябе. Вось што найгорш.

Ён усё яшчэ глядзеў на мяне.

— У вас ёсць яшчэ час? — спытаў ён.

— Хапае, — сказаў я.

Ён устаў.