Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 132
Эрих Мария Ремарк
— Змрочныя часы! — Готфрыд ускінуў бровы, — Ну, тады ты сёння, пэўна, не вельмі спяшаешся, га?
— Не, а чаму?
— Можаш мяне крыху падвезці?
— Добра. — Мы селі ў машыну. — А куды ты? — спытаў я.
— Да сабора.
— Што? — спытаў я. — Ці не памыліўся я? Я правільна пачуў: «сабор»?
— Не, сынок, ты не памыліўся. Правільна: сабор.
Я ў здзіўленні паглядзеў на яго.
— Не здзіўляйся, паехалі, — сказаў Готфрыд.
— Ну добра.
Мы паехалі.
Сабор быў у старой частцы горада, на саборнай плошчы, акружанай дамамі духавенства. Я спыніўся перад брамай.
— Паехалі далей, — сказаў Готфрыд. — З другога боку.
Ён сказаў мне спыніцца каля маленькага ўвахода з другога боку і выйшаў.
— Усяго найлепшага, — сказаў я. — Здаецца, ты вырашыў паспавядацца.
— Пайшлі, — прапанаваў ён.
Я засмяяўся.
— Не сёння. Раніцай я ўжо маліўся. Мне хопіць на ўвесь дзень.
— Не пляці глупства, малы. Буду велікадушны і штосьці пакажу табе. Пайшлі.
Я з цікаўнасцю пайшоў за ім. Мы прайшлі праз вузенькія дзверы і ўвайшлі ў крытую манастырскую галерэю. Яна ўтварала вялікі чатырохкутнік з доўгіх радоў арак, якія падтрымліваліся з сярэдзіны шэрымі гранітнымі калонамі, адгароджваючы садок. Усярэдзіне ўзвышаўся вялікі выветраны крыж з распяццем Хрыста. Па баках каменныя барэльефы з выявамі пакутнага шляху. Перад кожным барэльефам стаяла старая лаўка. Сад здзічэў. Цяпер ён буйна расцвіў.
Готфрыд паказаў на некалькі вялізных кустоў белых і чырвоных ружаў.
— Вось што я хацеў паказаць табе. Пазнаеш?
Я спыніўся ў здзіўленні.
— Вядома, пазнаю, — сказаў я. — Дык вось адкуль ты іх сцібрыў, стары царкоўны рабаўнік!
Пат тыдзень назад пераехала да фраў Залеўскі, і Ленц прыслаў ёй вечарам праз Юпа вялізны букет ружаў. Кветак было так шмат, што Юп два разы спускаўся ўніз і вяртаўся з ахапкам ружаў. Я ламаў сабе галаву, дзе Готфрыд іх узяў: я ведаў яго прынцып — ніколі не купляць кветак. На гарадскіх клумбах я такіх не бачыў.
— Выдатная ідэя, — пахваліў я. — Разумная галава дадумалася!
— Гэты сад — сапраўдны скарб. — Ён урачыста паклаў мне руку на плячо. — Бяру цябе ў долю. Думаю, табе менавіта цяпер гэта патрэбна. Бо гарадскія клумбы ўжо апусцелі. А яны ж дагэтуль былі добрым папасам, так?
Я кіўнуў.
— Акрамя таго, — працягваў Готфрыд, — ты цяпер уваходзіш у пару, калі выразна праяўляецца розніца паміж буржуа і кавалерам. Буржуа, чым больш знаёмы з дамай, тым больш няўважлівы да яе. А кавалер — усё больш уважлівы. — Ён зрабіў шырокі жэст. — А з такімі ружамі ты можаш стаць непараўнальным кавалерам.
Я засмяяўся.
— Усё вельмі добра, Готфрыд, — сказаў я. — А што рабіць, калі зловяць? Адсюль цяжка ўцячы, а набожныя людзі назавуць такі ўчынак апаганеннем святых месцаў.
— Даражэнькі, — адказаў Ленц, — ці бачыш ты тут каго? Пасля вайны людзі ходзяць на палітычныя сходы, а не ў царкву.
Так і было.
— А як быць з пастарамі? — спытаў я.
— Пастарам мала спраў да кветак, інакш сад быў бы лепш дагледжаны. І божанька парадуецца, калі ты некаму зробіш дабро. Ён такі.
— Ты маеш рацыю! — Я ўважліва паглядзеў на вялізныя старыя кусты. — На некалькі тыдняў я забяспечаны, Готфрыд.