Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 131

Эрих Мария Ремарк

Ён завёў мяне ў кухню забягалаўкі, папрасіў лёду і з паўгадзіны апрацоўваў мяне.

— Нават сіняка не будзе, — заявіў ён. Нарэшце ён закончыў.

— Ну, як галава? Нармальна? Тады не будзем траціць часу.

Прыйшоў Томі.

— Высокі швейцар з «Вінеты»? Вядома, што ён любіць даць волю кулакам. На жаль, сам не паспрабаваў лупцоўкі.

— Зараз паспрабуе, — сказаў Густаў.

— Паспрабуе, але ад мяне, — удакладніў я.

Густаў паглядзеў на мяне, асуджаючы.

— Пакуль ты вылезеш з машыны…

— Я ўжо прыдумаў прыём. Калі мне не ўдасца, тады ўмяшаешся ты.

— Выдатна.

Я надзеў шапку Густава, мы селі ў яго машыну, каб швейцар не ўнюхаў, у чым справа. Ён і так не шмат убачыць — вуліца была цёмная.

Мы пад'ехалі. На вуліцы не было ні душы. Густаў з паперкай у дваццаць пяць марак у руцэ выскачыў з машыны.

— Ліха матары, няма дробных. Швейцар, вы можаце размяняць? Марка семдзесят з мяне? Заплаціце, калі ласка.

Ён зрабіў выгляд, што ідзе ў касу. Швейцар, кашляючы, падышоў да мяне і сунуў мне марку пяцьдзесят. Я трымаў працягнутую руку.

— Валі, — прабурчаў ён.

— Рэшту сюды, сабака, — закрычаў я.

На секунду ён як акамянеў.

— Слухай, — сказаў ён потым ціха і аблізаў вусны, — ты потым месяц будзеш шкадаваць…

Ён размахнуўся. Удар адбіў бы мне памяць. Але я падрыхтаваўся. Я адвярнуўся, прыгнуўшыся, і кулак з усяго маху гакнуў па вострым сталёвым канце пускавой ручкі, якую я трымаў напагатове ў левай руцэ. Швейцар зароў, адскочыў назад, замахаўшы рукой. Ён ад болю шыпеў, як паравоз, і ўжо стаяў расслабіўшыся, безабаронны.

Я выскачыў з машыны.

— Ці пазнаеш? — выдыхнуў я і ўдарыў яго ў жывот.

Ён зваліўся.

— Раз, — пачаў лічыць Густаў ад касы, — два… тры…

На «пяць» швейцар знясілена падняўся. Я, як і нядаўна, бачыў перад сабой яго твар, вельмі выразна, гэты здаровы, тупы, шырокі, подлы твар; усяго гэтага здаровага, дужага хлапца, гэтую свінню, якая ніколі не захварэе на лёгкія, і я раптам адчуў, як вочы і мазгі зацягнула чырвонай плеўкай. Я падскочыў і ўдарыў. Я біў па ўсім тым, што скапілася ўва мне за гэтыя дні і тыдні, біў у гэты здаровы, шырокі твар, які мэкаў… пакуль мяне не адцягнулі…

— Адумайся, ты ж заб'еш яго, — усклікнуў Густаў.

Я азірнуўся. Швейцар, увесь у крыві, прыхіліўся да сцяны. У яго падкасіліся калені, ён упаў і паволі папоўз на карачках, як вялізнае бліскучае насякомае, у сваёй ліўрэі.

— Цяпер ён не будзе біцца, — сказаў Густаў. — Але пайшлі, уцякайма, пакуль нікога няма. Гэта ўжо цяжкае цялеснае пашкоджанне.

Мы кінулі грошы на зямлю, селі ў машыну і паехалі.

— У мяне таксама ідзе кроў? — спытаў я. — Ці гэта ад швейцара?

— Зноў з носа, — растлумачыў Густаў. — Ён усмаліў табе левай.

— Я і не заўважыў.

Густаў засмяяўся.

— Ведаеш, — сказаў я. — Мне цяпер значна лепш.

XVIII

Наша таксі стаяла каля бара. Я зайшоў, каб змяніць Ленца і ўзяць ключ і паперы. Готфрыд выйшаў разам са мной.

— Як выручка? — спытаў я.

— Так сабе, — адказаў ён. — Ці зашмат таксі, ці замала людзей ездзяць на таксі. А ў цябе?

— Дрэнна. Прастаяў усю ноч і нават дваццаць марак не зарабіў.