Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 130
Эрих Мария Ремарк
— Сядай, — сказаў ён. — Як справы?
— Не вельмі, Ота.
— Ты хочаш выпіць?
— Калі я пачну, то буду піць шмат. Не хачу. Няхай будзе так. Але я мог бы зрабіць нешта іншае. Готфрыд працуе на таксі?
— Не.
— Добра. Тады я паезджу некалькі гадзін.
— Я пайду з табой.
Я вывеў машыну і развітаўся з Ота. Потым я пад'ехаў да стаянкі. Перада мной стаялі дзве машыны. Потым пад'ехалі яшчэ Густаў і Томі, акцёр. Потым першыя машыны паехалі, а неўзабаве і да мяне падышоў пасажыр. Гэта была маладая дзяўчына, якой трэба было ў «Вінету», папулярны рэстаран з танцамі, тэлефонамі, пнеўматычнай почтай і іншымі падобнымі рэчамі, разлічанымі на правінцыялаў. Рэстаран размяшчаўся крыху наводшыбе ад іншых, на цёмнай вуліцы.
Мы спыніліся. Дзяўчына пакорпалася ў сумачцы і падала мне пяцьдзесят марак. Я паціснуў плячыма.
— На жаль, не магу размяняць.
Падышоў швейцар.
— Колькі з мяне? — спытала дзяўчына.
— Марка семдзесят.
Яна звярнулася да швейцара:
— Можа, заплаціце за мяне. Я разлічуся з вамі каля касы.
Швейцар адчыніў дзверы, і яны пайшлі да касы. Потым ён вярнуўся.
— Вось…
Я пералічыў.
— Тут марка пяцьдзесят.
— Не нясі лухты… ці ты яшчэ зялёны? Дваццаць пфенігаў швейцару за тое, што вярнуўся. Валі адсюль!
Былі рэстараны, дзе таксісты давалі швейцару «гасцінца». Але яму давалі тады, калі ён прыводзіў пасажыра, а не за прывезенага наведніка.
— Не такі я зялёны ў гэтых справах, — сказаў я. — Я атрымаю свае марку семдзесят.
— Ты можаш атрымаць у нюхаўку, — прабурчаў ён. — Давай, хлопец, зматвайся адсюль… Я тут больш ведаю, чым ты…
Справа была не ў дваццаці пфенігах. У мяне не было жадання заставацца дурнем.
— Не залівай мне, а аддавай рэшту, — сказаў я.
Швейцар ударыў так хутка, што я не паспеў засланіцца. За рулём і ўхіліцца не было куды. Я ўдарыўся галавой аб руль. Разгублены, я выпрастаўся. Галава гудзела, як барабан, з носа пайшла кроў. Швейцар стаяў нада мной.
— Хочаш яшчэ раз, тапелец?
Імгненна я ацаніў свае магчымасці. Нічога не зробіш. Хлопец дужэйшы за мяне. Яго палажыць можна было б толькі знянацку. Седзячы, я не мог ударыць, не было развароту. А перш чым я вылезу з машыны, ён мяне ўложыць тройчы. Я зірнуў на яго. Ён дыхаў мне ў твар півам.
— Яшчэ адзін раз, і твая жонка — удава.
Я глядзеў на яго. Я не варушыўся. Я ўтаропіўся ў гэты шырокі, здаровы твар. Я паядаў яго вачыма. Я бачыў, куды трэба ўдарыць, я ад злосці ўвесь сцяўся ў халодны камяк. Але я не варушыўся. Я бачыў звышблізка, звышвыразна, як праз павелічальнае шкло — кожны валасок на барадзе, чырвоную, тоўстую, порыстую скуру…
Бліснула каска паліцэйскага.
— Што тут здарылася?
Швейцар паслужліва выскаліўся.
— Нічога, пан паліцэйскі.
Той глянуў на мяне.
— Нічога, — адказаў я.
Ён паглядзеў на швейцара, потым на мяне.
— У вас жа кроў.
— Стукнуўся.
Швейцар на крок адступіў. У яго вачах свяцілася ўхмылка. Ён думаў, што я баюся скардзіцца на яго.
— Праязджайце, — сказаў паліцэйскі.
Я націснуў на газ і паехаў на стаянку.
— Ну і відок у цябе, — сказаў Густаў.
— Толькі нос, — адказаў я і расказаў, як было.
— Зойдзем са мной у забягалаўку, — сказаў Густаў. — Недарма я быў санітарным яфрэйтарам. Якое свінства — біць, калі ты сядзіш.