Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 128

Эрих Мария Ремарк

Пат узяла мяне пад руку. Яна ішла побач са мной прыгожай гнуткай хадой, я адчуваў цеплыню яе рукі, бачыў, як водсветы ліхтароў краналі яе ажыўлены твар — не, я не мог зразумець, што яна хворая, гэта можна было разумець толькі ўдзень, а не ўвечары, калі жыццё было напоўнена пяшчотай, цеплынёй і надзеяй.

— Не зойдзем на хвілінку да мяне? — спытаў я.

Яна кіўнула галавой.

У калідоры нашага пансіёна было светла.

— Каб на іх ліха, — сказаў я. — Што тут здарылася? Пачакай хвілінку.

Я адчыніў дзверы і азірнуўся. Калідор быў асветлены і пусты, як вузкая вуліца ў прыгарадзе. Дзверы ў пакой фраў Бэндэр былі шырока адчынены. Там таксама гарэла святло. Хасэ, падобны да маленькай чорнай мурашкі, тэпаў уніз па лесвіцы, згорбіўшыся пад цяжарам таршэра з ружовым шаўковым абажурам. Ён перасяляўся.

— Добры вечар, — сказаў я. — У такі позні час?

Ён узняў свой бледны твар з мяккімі цёмнымі вусамі.

— Я толькі гадзіну назад прыйшоў з бюро. У мяне ж толькі вечарам ёсць час для пераезду.

— А што, жонкі няма дома?

Ён пахітаў галавой.

— Яна ў сяброўкі. Дзякаваць богу, у яе з'явілася цяпер сяброўка, з якой яны бавяць час.

Ён усміхнуўся без злосці, задаволена і патэпаў. Увайшла Пат.

— Здаецца, лепш не ўключаць святла, — спытаў я ў маім пакоі.

— Уключым, каханы. На хвілінку, потым можаш зноў выключыць.

— Ты ненасытны чалавек, — сказаў я і на імгненне азарыў святлом чырвоную плюшавую шыкоўнасць пакоя. Потым зноў хуценька выключыў святло.

Вокны былі адчынены, і ад дрэваў знадворку цягнула свежым начным паветрам, нібы з лесу.

— Выдатна, — сказала Пат і ўмасцілася на падаконніку.

— Ты сапраўды лічыш, што тут выдатна?

— Праўда, Робі. Як у вялікім летнім парку. Цудоўна!

— Ты не бачыла пакоя побач, калі ішла сюды? — спытаў я.

— Не, а чаму?

— Гэты шыкоўны вялікі балкон злева звязаны з гэтым пакоем. Ён цалкам закрыты, а насупраць няма дамоў. Калі б ты жыла тут, табе для сонечных ваннаў не трэба было б нават купальніка.

— Так, калі б я жыла тут…

— А чаму не, — сказаў я проста. — Ты ж бачыш, праз некалькі дзён пакой будзе пусты.

Яна зірнула на мяне і ўсміхнулася.

— Ты думаеш, што так было б правільней для нас? Быць працяглы час разам?

— Мы не былі б працяглы час разам, — адказаў я. — Удзень мяне ўвогуле тут не бывае. А часта — і ўвечары. Але калі б мы ўжо былі разам, то нам не трэба было б сядзець у рэстаране, а потым зноў паспешліва разлучацца, быццам бы ходзім толькі ў госці адно да аднаго.

Яна крыху паварушылася ў сваім кутку.

— З тваіх слоў здаецца, што ты ўсё добра ўзважыў, каханы.

— Так і ёсць, — адказаў я. — Цэлы вечар разважаў.

Яна выпрасталася.

— Ты сур'ёзна так думаеш, Робі?

— Вядома, чорт вазьмі, — сказаў я. — Няўжо ты яшчэ не бачыш?

Яна хвілінку памаўчала.

— Робі, — сказала яна потым, і яе голас зрабіўся больш нізкі. — Як ты можаш думаць пра гэта зараз?

— Я думаю пра гэта, — адказаў я больш гарачліва, чым хацеў, адчуўшы раптам, што зараз вырашаецца нешта куды больш важнае, чым пакой, — я думаю так, бо ўбачыў у гэтыя апошнія тыдні, як цудоўна быць разам. Я не магу больш трываць гэтыя сустрэчы на гадзінку. Я хачу мець цябе болей. Я хачу, каб ты ўвесь час была са мной, у мяне няма больш ахвоты гуляць у хованкі кахання, гэта не для мяне, мне ніколі не хопіць цябе, і я не хачу ні на адну хвіліну адмаўляцца ад цябе.