Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 127
Эрих Мария Ремарк
— Салют, Пат, — сказаў я і апаражніў сваю чарку.
— Як тут цудоўна, праўда? — спытала яна, гледзячы ўсё яшчэ на мяне.
— Выдатна! — Я наліў сабе. — Будзь здарова, Пат.
Яе твар на момант прасвятлеў.
— Будзь здароў, Робі. Будзь здароў, Готфрыд.
Мы выпілі.
— Добрае віно, — сказаў Ленц.
— Леташні «Граахскі Абтсбэрг», — растлумачыў Альфонс. — Я рады, што ты ведаеш у ім смак.
Ён узяў з міскі другога рака і працягнуў Пат раскрытую клюшню.
Яна адмовілася.
— З'ешце яго самі, Альфонс. А то вам нічога не дастанецца.
— Ну добра. — Яна ўзяла. Альфонс аж свяціўся ад задавальнення і частаваў яе. Здавалася, быццам старая вялізная сава корміць маленькае белае птушаня.
На адыход мы ўсе разам выпілі яшчэ па «Напалеону» і пачалі развітвацца з Альфонсам. Пат была шчаслівая.
— Цудоўна! — сказала яна. — Я ўдзячная вам ад душы, Альфонс. Сапраўды, усё было цудоўна! — Яна падала яму руку. Альфонс нешта прамармытаў і пацалаваў яе ў руку. У Ленца ад здзіўлення ледзь вочы не выкаціліся з вачніц.
— Прыходзьце, — сказаў Альфонс. — І ты, Готфрыд.
На вуліцы пад ліхтаром стаяў «сітраэн», маленькі і пакінуты.
— О, — вымавіла Пат і спынілася. Яе твар перасмыкнуўся.
— За яго сілу я ахрысціў яго сёння Геркулесам. — Готфрыд падняў верх. — Завезці вас дадому?
— Не, — сказала Пат.
— Я так і думаў. Куды паедзем?
— У бар. Ці паедзем, Робі? — яна павярнулася да мяне.
— Вядома, — сказаў я. — Вядома, мы паедзем яшчэ ў бар.
Мы вельмі павольна паехалі па вуліцах. Было цёпла і светла. Перад кавярняй сядзелі людзі. Іграла музыка. Пат сядзела побач са мной. Я раптам не змог уявіць сабе, што яна сапраўды хворая, мне зрабілася горача. На хвіліну я ўявіў, што яна здаровая.
У бары мы сустрэлі Фердынанда і Валянціна. Фердынанд быў у выдатным настроі. Ён устаў і пайшоў насустрач Пат.
— Дыяна! — сказаў ён. — Вярнулася з лясоў…
Яна ўсміхалася. Ён абняў яе за плечы.
— Загарэлая, адважная паляўнічая з сярэбраным лукам… што мы вып'ем?
Готфрыд плячом адціснуў Фердынанда.
— Узнёслыя людзі не ведаюць меры, — сказаў ён. — Даму суправаджаюць два кавалеры, ты, відаць, гэтага не заўважыў, стары зубр.
— Рамантыкі — толькі світа, а не суправаджэнне, — заявіў бязлітасна Граў.
Ленц ухмыльнуўся і звярнуўся да Пат:
— Я вам зараз замяшаю штосьці надзвычайнае. Кактэйль «Калібры». Бразільскае пітво.
Ён пайшоў да стойкі, нечага намяшаў там і прынёс.
— Як падабаецца? — спытаў ён.
— Радкаваты, хоць і бразільскі, — заявіла Пат.
Готфрыд засмяяўся.
— Затое вельмі моцны. З ромам і расейскай гарэлкай.
З першага позірку я зразумеў, што там не было ні рому, ні гарэлкі. Там былі змешаны сок, лімон, мякаць таматаў і, магчыма, нейкая кропля лікёру. Безалкагольны кактэйль. Але Пат, дзякаваць богу, гэтага не заўважыла.
Яна выпіла тры шклянкі «Калібры», і я бачыў, як ёй было прыемна, што з ёю абыходзяцца не як з хвораю. Праз гадзінку мы ўсе ўсталі, толькі Валянцін застаўся сядзець. Пра гэта паклапаціўся Ленц. Ён пагрузіў Фердынанда ў «сітраэн» і газануў. Таму не склалася ўражання, быццам мы з Пат пайшлі раней. Усё было вельмі душэўна, але ў мяне на нейкі момант на сэрцы зрабілася тужліва.