Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 126
Эрих Мария Ремарк
Ён пацягнуў Готфрыда да стойкі. Кельнер прынёс вялікую запыленую бутэльку. Альфонс напоўніў дзве чаркі.
— Будзь здароў, Готфрыд, парасё ты засмажанае!
— Будзь здароў, Альфонс, стары катаржнік!
Абодва выпілі чаркі адным глытком.
— Першакласна! — сказаў Готфрыд. — Каньяк для мадоннаў.
— Сорам глытаць яго так! — пацвердзіў Альфонс.
— Але ці будзеш піць паволі, калі такая радасць! Давай вып'ем яшчэ па адной!
Ён наліў і падняў чарку.
— Чортаў памідор няверны!
Ленц засмяяўся.
— Мой добры любімы Альфонс!
У Альфонса выступілі слёзы.
— Яшчэ па адной, Готфрыд, — усхвалявана сказаў ён.
— Толькі наперад! — Ленц падставіў яму сваю чарку. — Ад каньяку я адмаўляюся толькі тады, калі ўжо не магу адарваць галавы ад зямлі.
— Здорава сказана! — Альфонс наліў трэцюю чарку.
Крыху задыхаўшыся, Ленц падышоў да століка. Ён дастаў свой гадзіннік.
— Без дзесяці восем прыбылі на «сітраэне» ў майстэрню. Што вы на гэта скажаце?
— Рэкорд, — заявіла Пат. — Няхай жыве Юп! Я яму спрэзентую таксама пачак цыгарэт.
— А ты атрымаеш за гэта дадатковую порцыю ракаў! — аб'явіў Альфонс, які па пятах хадзіў за Готфрыдам. Потым ён падаў нам нешта накшталт сурвэтак.
— Распраніце пінжакі і павяжыце сабе на шыю. Ці дазволіць дама?
— Лічу, што гэта нават неабходна, — сказала Пат.
Альфонс радасна заківаў галавой.
— Вы разумная жанчына, я ведаў. Ракаў трэба есці натхнёна. Без боязі, што пасадзіш пляму. — Ён усміхнуўся. — Вам я дам, вядома, штосьці больш элегантнае.
Кельнер Ганс прынёс бялюткі халат. Альфонс разгладзіў яго і дапамог ёй апрануцца.
— Вам да твару, — пахваліў ён.
— Моцна, моцна! — адказала яна і засмяялася.
— Рады, што вы гэта запомнілі, — сказаў Альфонс зычліва. — Цяплее на душы.
— Альфонс, — Готфрыд завязаў на вузел сурвэтку. Ззаду тырчалі два доўгія канцы. — Пакуль што мы напамінаем сабой наведнікаў цырульні.
— Зараз будзе інакш. Спачатку — крыху мастацтва.
Альфонс падышоў да патэфона. Грымнуў хор пілігрымаў з «Тангейзера». Мы слухалі моўчкі.
Як толькі адгучала апошняя нота, з кухні адчыніліся дзверы. Кельнер Ганс з'явіўся з міскай, велічынёй з дзіцячую ванначку. Ад ракаў, якімі яна была напоўнена, валіла пара.
Ён, сапучы, паставіў яе на стол.
— Прынясі і мне сурвэтку, — сказаў Альфонс.
— Ты будзеш з намі вячэраць, золатка? — усклікнуў Ленц. — Які гонар!
— Калі дама не мае нічога супроць?
— Наадварот, Альфонс!
Пат адсунула крыху сваё крэсла, і ён сеў каля яе.
— Мне прыемна будзе сядзець каля вас, — сказаў ён усхвалявана. — Я даволі спрытна ўмею разбіраць ракаў. Для дамы гэта занадта марудная справа.
Ён узяў з міскі рака і з неверагоднай хуткасцю пачаў разбіраць яго ёй. Сваімі вялізнымі рукамі ён спраўляўся так шпарка і элегантна, што ёй нічога больш не заставалася, як толькі есці тое, што ён так апетытна падаваў ёй з відэльца.
— Смачна? — спытаў ён.
— Шыкоўна! — Яна падняла чарку. — За ваша здароўе, Альфонс.
Альфонс урачыста чокнуўся з ёю і паволі выпіў. Я зірнуў на яе.
Лепш бы яна выпіла чагосьці безалкагольнага. Яна адчула мой позірк.
— Салют, Робі, — сказала яна.
Яна была чароўна-прыгожая, уся радасна свяцілася.