Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 111

Эрих Мария Ремарк

«Магчыма, — падумаў я. — Магчыма… увесь час гэтае слова, без якога не абысціся! Упэўненасць, якой не хапала… упэўненасць, якой не хапала ўсяму і ўсім».

Я пайшоў да пляжа, да мора, насустрач ветру і прыглушанаму шуму, які накатваўся, як далёкая кананада.

XVI

Я сядзеў на пляжы і назіраў, як заходзіла сонца. Пат не пайшла са мной. Увесь дзень яна дрэнна сябе адчувала. Калі прыцямнела, я ўстаў. Трэба было ісці дадому. Тут я ўбачыў, што ад лесу бегла служанка. Яна махала рукой і нешта крычала. Я не разумеў. Усе гукі заглушаліся ветрам і морам. Я памахаў ёй, каб яна спынілася: я зараз падыду сам. Але яна ўсё бегла, падносячы рукі да твару.

— Пані… — зразумеў я. — Хутка…

Я пабег.

— Што здарылася?

Яна хапала паветра.

— Хутка— пані… няшчасце…

Я пабег па пясчанай сцежцы, праз лес, да дома. Драўляныя весніцы не адчыніліся, я пераскочыў праз верх, кінуўся ў пакой. Пат ляжала на ложку, на грудзях была кроў, рукавы закасаныя. Кроў цякла ў яе з рота. Каля яе стаяла фройляйн Мюлер. У руках у яе былі ручнікі і міска з вадой.

— Што здарылася? — выгукнуў я і адпіхнуў яе.

Яна нешта сказала.

— Прынясіце бінт! — крыкнуў я. — Дзе рана?

Яна пазірала на мяне, вусны ў яе дрыжалі.

— Няма раны.

Я зірнуў на яе.

— Кравацеча.

Я падскочыў да яе і забраў з рук міску з вадой.

— Прынясіце лёду, прынясіце хутчэй кавалак лёду.

Я намачыў ручнік і паклаў яго Пат на грудзі.

— У нас дома няма лёду, — сказала фройляйн Мюлер.

Я павярнуўся да яе. Яна адхіснулася.

— Богам прашу, прынясіце кавалак лёду, пашліце каго-небудзь у шынок і патэлефануйце лекару.

— У нас няма тэлефона.

— Чорт пабяры! Дзе найбліжэйшы тэлефон?

— У Масмана.

— Бяжыце хутчэй туды. Адразу ж патэлефануйце лекару, які жыве найбліжэй. Як яго завуць? Дзе ён жыве?

Не дачакаўшыся, што яна скажа, я падпіхнуў яе.

— Хутка, хутка бяжыце, што ёсць сілы. Ці далёка гэта?

— Тры хвіліны, — сказала жанчына і пабегла.

— Прынясіце ж лёду! — крыкнуў я ёй наўздагон.

Яна кіўнула галавой.

Я прынёс вады і зноў намачыў ручнік. Я не адважваўся дакрануцца да Пат. Я не ведаў, ці так яна павінна ляжаць, я быў у адчаі, што не ведаў, а гэта ж было адзінае, што трэба было ведаць. Падкласці пад галаву падушку ці, наадварот, нельга?

Яна захрыпела, потым напружылася, і з рота заструменіла кроў. Яна дыхала цяжка, з плачам, у вачах яе стаяў нечалавечы жах, яна душылася і кашляла, кроў вырывалася струменямі. Я то ўтрымліваў яе, то адпускаў, падклаўшы руку ёй пад плечы. Я адчуваў кожны рух яе беднага зняможанага цела, здавалася, гэта будзе цягнуцца бясконца, потым яна без сілы адвалілася на спіну.

Вярнулася фраў Мюлер. Яна глядзела на мяне, як прывід.

— Што рабіць? — крыкнуў я.

— Зараз прыйдзе лекар, — прашаптала яна. — Лёд… на грудзі і, калі можна… у рот…

— Як палажыць — падняць галаву ці не трэба, гаварыце ж, каб д'ябал вас узяў… хутка!

— Няхай ляжыць… ён зараз прыйдзе.

Я паклаў кавалак лёду на грудзі Пат, апрытомнеўшы, ведаючы, што нешта магу рабіць. Я пабіў лёд для кампрэсу і паклаў яго і ўсё ўзіраўся на гэтыя салодкія, каханыя, спакутаваныя вусны, адзіныя, скрываўленыя…