Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 110

Эрих Мария Ремарк

— Вялікі дзякуй!

Яна ўздыхнула, зрабіла лёгкі паклон і прыклалася да чаркі, як птушачка.

— За добры адпачынак! — Потым яна з хітрынкай усміхнулася мне. — Моцны партвейн. І добры.

Ад здзіўлення, што яна так перамяніла тон, у мяне ледзь чарка не выпала з рук. Фройляйн Мюлер зачырванелася, вочы яе заіскрыліся. Яна пачала гаварыць пра ўсё ўсякае, што нас зусім не цікавіла. Пат з анёльскім цярпеннем трывала яе. Нарэшце фройляйн звярнулася да мяне:

— Значыць, у пана Кёстэра ўсё ў парадку?

Я кіўнуў галавой.

— Ён быў такі сціплы ў той час, — сказала яна. — Бывала, за дзень не вымавіць ніводнага слова. Ён і цяпер такі маўклівы?

— Цяпер ён час ад часу размаўляе.

— Ён прабыў тут амаль год. Заўсёды адзін…

— Так, — сказаў я. — У такіх выпадках заўсёды гаворыш менш.

Яна сур'ёзна кіўнула галавой і глянула на Пат.

— Вы, пэўна, замарыліся.

— Крыху, — сказала Пат.

— Вельмі, — дадаў я.

— Тады я пайду, — заявіла яна спуджана. — Дабранач! Спіце спакойна!

Яна няўпэўнена пайшла.

— Мне здаецца, ёй хацелася пабыць яшчэ, — сказаў я. — Дзіўна, што гэта з ёй, праўда?

— Беднае стварэнне, — пашкадавала Пат. — Кожны вечар, пэўна, сядзіць адна ў пакоі ў палоне турбот.

— Ну, так, сапраўды, — сказаў я. — Але мне здаецца, што ўвогуле я паводзіў сябе з ёй прыстойна.

— Так і было. — Яна пагладзіла мне руку. — Адчыні крышачку дзверы, Робі.

Я пайшоў і адчыніў дзверы. На дварэ праяснілася, палоска месячнага святла пралегла па сцяжынцы аж у дзверы. Здавалася, што сад толькі таго і чакаў, калі адчыняцца дзверы, — так настойліва сюды адразу ўварваўся водар кветак, салодкі пах жоўтафіёля, рэзеды і руж, запоўніўшы сабой пакой.

— Паглядзі, — сказаў я, паказваючы на двор. У яркім месячным святле ва ўсю даўжыню бачылася садовая дарожка. Кветкі, нахіліўшыся, стаялі абапал яе, лістота была серабрыстага колеру, а краскі, якія так страката свяціліся днём, пафарбаваныя ў мяккія пастэльныя таны, мігцелі цяпер загадкава-пяшчотна. Месяцава святло і ноч прыглушылі іх фарбы і сілу, затое іх пах стаў больш моцны і саладжавы, чым удзень.

Я глянуў на Пат. Яе галава з цёмнымі валасамі — кволая, маленькая, бездапаможная — ляжала на белай падушцы. У яе было мала сілы, але была тайна кволасці, тайна кветак у змроку, у плывучым святле месяца.

Яна крыху прыўзнялася.

— Я сапраўды вельмі замарылася, Робі. Гэта кепска?

Я прысеў да яе на ложак.

— Нічога. Ты выспішся.

— Але ж ты яшчэ не хочаш спаць.

— Я схаджу яшчэ на пляж.

Яна кіўнула галавой і легла. Я хвілінку пасядзеў яшчэ.

— Не зачыняй нанач дзверы, — сказала яна сонна. — Быццам спіш у садзе…

Яна пачала дыхаць слабей, і я ціха ўстаў і выйшаў у сад. Каля драўлянага плота я спыніўся і запаліў. Адсюль можна было зазіраць у пакой. На крэсле вісеў халат, наверх былі кінуты сукенка і штосьці з бялізны, на падлозе, каля крэсла, стаялі туфлі. Адзін перавярнуўся. У мяне было незвычайнае пачуццё, быццам я дома. Гледзячы на гэта ўсё, я думаў, што ёсць на свеце чалавек і што ён будзе, што варта зрабіць толькі некалькі крокаў, каб убачыць яго і быць з ім, сёння, заўтра і, магчыма, доўга-доўга…