Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 113
Эрих Мария Ремарк
— Можаце паверыць мне, пан. — Яна паўтарыла нумар і павесіла слухаўку.
Я застаўся адзін. Галовы, што матляліся, лысіна, брошка, другі пакой былі далёка, бліскучая гума, якая хісталася. Я азіраўся вакол сябе. Больш мне тут не было чаго рабіць. Трэба было толькі сказаць людзям, каб яны паклікалі мяне, калі будзе званок. Але я не мог адарвацца ад тэлефона. Здавалася, што гэта выратавальны канат, які я выпускаю з рук. І раптам я здагадаўся, што рабіць. Я зноў узяў слухаўку і назваў Кёстэраў нумар тэлефона. Ён павінен быць на месцы. Інакш і не магло быць.
І вось з гаму і шуму ночы пачуўся спакойны голас Кёстэра. Я адразу ж таксама супакоіўся і расказаў яму пра ўсё. Я адчуваў, што ён запісвае.
— Добра, — сказаў ён. — Я адразу выязджаю на пошукі прафесара. Я патэлефаную. Супакойся. Я яго знайду.
Канец. Канец? Свет заціх. Прывід знік. Я пабег назад. — Ну? — спытаў лекар. — Вы знайшлі яго?
— Не, — сказаў я. — Але я знайшоў Кёстэра.
— Кёстэра? Не ведаю. Што ён сказаў? Як ён лячыў яе?
— Лячыў? Ён не лячыў яе. Кёстэр знойдзе яго.
— Каго?
— Жафэ.
— Божа мой, хто ён, гэты Кёстэр?
— Ах… прабачце. Кёстэр — мой сябра. Ён знойдзе прафесара Жафэ. Я яго не застаў на месцы.
— Шкада, — сказаў лекар і зноў павярнуўся да Пат.
— Ён яго знойдзе, — сказаў я. — Калі той жывы, то ён адшукае яго.
Лекар паглядзеў на мяне як на вар'ята. Потым ён паціснуў плячыма. У пакоі свяціла цьмяная лямпачка. Я спытаў, ці патрэбна мая дапамога. Лекар пахітаў галавой. Я ўзіраўся ў акно. Пат хрыпела. Я зачыніў акно і стаў у дзвярах. Я назіраў за дарогай.
Раптам мяне паклікалі:
— Тэлефон!
Я павярнуўся.
— Тэлефон. Я пайду.
Лекар падскочыў.
— Не, я. Я лепш распытаю яго. Заставайцеся тут. Нічога не прадпрымайце. Я зараз жа вярнуся.
Я сеў каля пасцелі Пат.
— Пат, — ціха прамовіў я, — мы ўсе тут. Мы зробім усё. З табой нічога не здарыцца. З табой не павінна нічога здарыцца. Ужо прафесар размаўляе з доктарам. Ён нам усё раскажа. Заўтра, напэўна, ён прыедзе сам. Ён дапаможа табе. Ты выздаравееш. Чаму ты мне ніколі ні слова не казала, што ты хворая? Не страшна, што ты крыху страціла крыві, Пат. Мы вернем яе табе, Пат. Кёстэр знайшоў прафесара. Цяпер усё добра, Пат.
Лекар вярнуўся.
— Гэта быў не прафесар.
Я ўстаў.
— Гэта быў ваш сябар Ленц.
— Кёстэр не знайшоў яго?
— Знайшоў. І той сказаў, што рабіць. Ваш сябар Ленц перадаў мне ўсё па тэлефоне. Усё ясна і нават правільна. Ваш сябар Ленц — лекар?
— Не. Ён хацеў стаць ім. А Кёстэр?
Лекар глянуў на мяне.
— Ленц сказаў, што Кёстэр паехаў некалькі хвілін назад. З прафесарам.
Мне трэба было да нечага прыхінуцца.
— Ота, — сказаў я.
— Так, — дадаў лекар. — Толькі адно ён пераблытаў. Ён думае, што яны праз пару гадзін дабяруцца сюды. Я ведаю гэтую дарогу. Нават пры хуткай яздзе — не менш трох гадзін. Ва ўсякім разе…
— Доктар, — сказаў я, — вы можаце паверыць. Калі ён гаворыць: дзве гадзіны, то праз дзве гадзіны будзе тут.
— Гэта немагчыма. Шмат паваротаў, ноч.
— Паглядзім, — сказаў я.
— Ва ўсякім разе… добра, што ён прыедзе.
Я не мог больш трываць. Я выйшаў на вуліцу. Наваколле зацягнулася туманам. Удалечыні шумела мора. З дрэваў капала. Я азірнуўся. Я ўжо быў не адзінокі. За гарызонтам на поўдзень роў матор. За туманамі па бліскучых дарогах імчала дапамога, фары плявалі святлом, шыны свісталі, дзве рукі сталёва трымалі руль, пара вачэй свідравала змрок, холадна, упэўнена: вочы майго сябра…