Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 108

Эрих Мария Ремарк

— Добра, — сказаў я і ўзяў кашлаты ручнік. — Спачатку дай я цябе вытру насуха. Калі ты паспела так загарэць?

Яна апранула халат.

— Гэта засталося яшчэ з таго часу, калі я паводзіла сябе асцярожна. Тады я кожны дзень гадзіну загарала на балконе. А ў восем вечара ішла спаць. Сёння ў восем вечара я пайду яшчэ раз купацца.

— Будзе бачна, — сказаў я. — У намерах чалавек заўсёды вялікі. У ажыццяўленні — не заўсёды. Гэтым ён і прываблівы.

З купаннем увечары не атрымалася. Мы зрабілі прагулку пехатой да вёскі, а на змярканні пакаталіся на «сітраэне», потым Пат раптам адчула недамаганне і папрасілася дадому. Я і раней часта заўважаў у яе гэта — раптоўны пераход ад ажыўлення да раптоўнай зморы. У яе было няшмат сілы і ніякіх рэзерваў, хоць па ёй гэтага нельга было заўважыць. Яна заўсёды траціла ўсе свае ўнутраныя запасы жыццёвай сілы, і здавалася, што яна нястомная ў сваім маладым спрыце — але раптоўна наступаў момант, калі яе твар рабіўся бледны, а вочы глыбока западалі. Сілы пакідалі яе. Яна стамлялася не паступова, а за некалькі секунд.

— Паедзем дадому, Робі, — сказала яна, і яе прыглушаны голас гучаў на больш нізкіх нотах, чым звычайна.

— Дадому? Да фройляйн Эльфрыды Мюлер з залатым крыжыкам на шыі? Невядома, што гэты д'ябал прыдумаў тым часам.

— Дадому, Робі, — сказала Пат і зморана схілілася да майго пляча. — Тут наш дом.

Я зняў адну руку з руля і абняў яе. Так мы павольна ехалі праз сіні туманны змрок, і калі нарэшце ўбачылі асветленыя вокны маленькага дамка, які, нібы цёмны звярок, прымасціўся ў куточку роўнай даліны, мне сапраўды здалося, што мы прыехалі дадому.

Фройляйн Мюлер ужо чакала нас. Яна пераапранулася і была не ў чорнай шарсцяной сукенцы, а ў чорнай шаўковай — такога ж пурытанскага крою. Замест крыжыка на шыі цяпер вісела эмблема сэрца, якара і крыжа адначасова — царкоўны сімвал веры, надзеі і любові.

Яна была цяпер значна больш зычлівая, чым удзень, і спытала, ці згодныя мы павячэраць яйкамі, халодным мясам і вэнджанай рыбай. Яна вячэру ўжо прыгатавала.

— Ну, што ж, — сказаў я.

— Вам не падабаецца? Свежавэнджаная рачная камбала. — Яна глядзела на мяне са страхам.

— Добра, — холадна сказаў я.

— Свежавэнджаная камбала вельмі смачная, — заявіла Пат і з дакорам зірнула на мяне. — Гэта найлепшая яда нанач, лепшай і прыдумаць нельга ў першы дзень на моры, фройляйн Мюлер. Каб яшчэ гарачанькай гарбаты…

— Ёсць, ёсць! Гарбата сапраўды гарачая! З задавальненнем. Зараз прынясуць.

Фройляйн Мюлер з палёгкай пабегла, шоргаючы шаўковай сукенкай.

— Ты сапраўды не любіш рыбы? — спытала Пат.

— Яшчэ як люблю! Камбалу! Пра яе я мару ўжо некалькі дзён.

— А сам задзіраеш нос. Вось гэта здорава!

— Трэба было аддзячыць за тое, як яна сустрэла нас удзень.

— Ах, божа мой! — Пат засмяялася. — Навошта табе? Я ўжо даўно забылася.

— А я — не, — сказаў я. — Я так лёгка не забываю.