Читать «Трава і камень» онлайн - страница 25

Юсцінас Марцінкявічус

1978

***

Як пчала у вулеі. Як у кветцы пчала. Абліплыя слодыччу дзён твае рукі. Часіна стомы тваёй шчаслівай. Быццам званы, хтось узносіць цябе над зямлёй. На вуснах квітнее, гайдаецца слова: спявай, што ты ёсць, і маўчы, што ты ёсць. Але няма таго дома, дзе б ты быў, як дома. Як пчала у вулеі. Як у кветцы пчала.

1978

ЛЕТНІ ПСАЛОМ

Жыта паспела. Пакрыквае драч. Гляну наўкола — ўвесь слых і цікаўнасць: мне на жніво падаспела пара — слоў назапасіць і важкіх, і спраўных. Рукі напеўныя лашчы, каса, рот блаславі, каб не змоўк у аблудзе. Дрэва часін, як жывая краса, поўніцца тым, што было і што будзе. Слаўлю нажын залатой збажыны! Косы, вядзіце свой рэй адмысловы! Вось я ўжо ўвесь у ахапку адным: зерне і глеба, вусны і слова.

1978

НАРОДНАЯ ПЕСНЯ

З вока песні выкаціўся раптам я слязой і ля дарогі ўпаў. Дзякуй табе, творца мой крылаты, што твой голас чую ў будні й святы, што навек тваім падданым стаў. Па жыцці з кійком дарожным крочу між лугоў зялёных — душ людскіх, чую ўсё — з парога плач дзявочы, стрэлы слоў і стогн у цемры ночы, скрыжаванне рук у міг цяжкі. Крылаў шум над працаю спрадвечнай, боль, што нават камень струшчыць змог, голас бога ў тлуме чалавечым чую я — і светла мне, й сардэчна, ліжа рукі мне жыццё само.

1978

P. S.

На кожны пагорак паклаў я па сонцу: вось будзе прыгожа малечы, калі будзе ўзыходзіць сюды. На кожнай бярозцы прыймеў па зязюлі: вось радасна будзе дзяўчаткам, калі ўсе будуць тут кукаваць. У кожныя грудзі уклаў я па слову: вось заспяваюць сэрцы ў мужчын, калі будуць ісці праз Літву.

1978

СЛОВА ЧОРНАЯ КВЕТКА

Памяці Стасіса Красаускаса

1.

Не магу вымавіць тваю смерць. Не хачу імя яе чуць. Летам, калі садзілася сонца, глядзеў я на мора, чакаючы твайго вяртання,— як супакоіць вочы, якія цябе ўсё шукаюць? А ў нашых руках рэха трапеча жывое тваіх рук: яны трымаюць цябе і нікому не аддаюць.

2.

Упаў, а неба не ўпусціў. Птушкі бачылі, як ляцеў, як і мы — яго песню чулі. Высока над намі ўзнялося дрэва яго голасу. Маўклівыя, мы селі пад ім, ужо ведаючы, што самае вялікае сярод нас — Час.

3.

Карціна без рамкі — жыццё. Чорнае і белае. Які ж гэты трэці — смерці колер? Знік, як зорка, не адказаўшы. Упершыню прамаўчаў. А можа, і не пачуў, што табе мы крычалі: Застанься! У зямлі і ў мора ёсць дно. Высечыце акенца, каб праз века гроба усіх вас бачыць я мог.