Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 80

Усевалад Нястайка

— Р-рукі ўгарр-ру!

Я забыў пра ліхтарык, забыў, што менавіта мне трэба крычаць, і ў паніцы праверашчаў:

— Дзядзька міліцыянер, туды! Дзядзька міліцыянер, сюды!

І заціх, бы спалохаўся ўласнага голасу. «Ой, што ж гэта мы робім! Што мы робім! Ён жа яшчэ нічога шпіёнскага не зрабіў, а мы ўжо: «Рукі ўгару!» Ой, што ж гэта будзе!»

— Рукі ўгару! Рукі ўгару! — зноў, але ўжо не так басавіта, паўтарыў Кукуруза і таксама разгублена замаўчаў.

Нейкі момант панавала цішыня, потым...

— Га? — нібыта недачуўшы, запытала грозная постаць.

І... нешта глуха ўдарылася аб зямлю — гэта выпала з Кукурузавых рук стрэльба. А я шырока разявіў ад здзіўлення рот. І толькі цяпер успомніўшы пра ліхтарык, сціснуў яго рукою.

Перад намі стаяў... дзед Варава.

— Дзед, гэта вы? — плаксівым, разгубленым голасам запытаў нарэшце Кукуруза.

— Ды я ж, я, — гаварыў дзед, вылазячы на бераг. — Не пазналі, жаўтаротыя?..

Мы маўчалі. Кукуруза, відаць, чакаў і баяўся дзедавых роспытаў — чаму падмануў, што ідзе да цёткі ў Пяскі, дзе быў, што рабіў, чаму гэтае — «рукі ўгару»... Але дзед моўчкі замаскіраваў свой човен у чаратах і ні аб чым не пытаўся, нібыта ён усё чыста ведаў. У такіх выпадках найлепш самому пра што-небудзь пытацца.

І Кукуруза нарэшце насмеліўся:

— Дзед, а як вы тут апынуліся?

— Тапіцца ехаў. З гора. Што ў мяне вось такі ўнук шалапутны.

— Ды не жартуйце, дзед.

— От, цікава мне з табою жартаваць.

— Ну, скажыце, дзед, — канючыў Кукуруза.

— Ты ж мне збрахаў, навошта ж мне праўду казаць.

— Ды я... — запнуўся Кукуруза. Бо што тут скажаш?!

— Эхе-хе, — сумна ўздыхнуў дзед. — Куды ж я мог ехаць! Цябе, дурніка, шукаў... Гэта ж узяў я сваю стрэльбу чысціць. У нядзелю адкрыццё палявання. Вырашыў і тваю пачысціць. Думаю, хоць ты і двоечнік, а шкада — усё роўна ж з цябе трэба паляўнічага зрабіць. Кінуўся, няма тваёй стрэльбы. Туды, сюды — няма. Няўжо, думаю, хто ўкраў?! Потым глянуў — набояў амаль што палавіны няма (яны ж у мяне, дурнік, палічаныя). Пачаў здагадвацца. Тым больш, бачу я, і ватоўкі няма, у якой ты са мною на паляванне хадзіў. Але ўсё ж рашыў праверыць. І пайшоў ажно ў Пяскі да цёткі Ганны... Вось так ты мае старыя ногі шкадуеш! Туды сем кіламетраў, назад сем. Там цябе, ведама, не знайшоў. Ганне нічога не стаў казаць, каб не хвалявалася. Ну, думаю, няйначай як у плаўні збег хлопец, чортава душа. Я і сам туды яшчэ малым уцякаў, як бацька даў дыхту за разбіты глечык. Знаю... Прыйшоў я з Песак — ужо вечарэла. Лепей бы на раніцу пошукі адкласці, ды на душы неспакойна: «Ужо два дні той жаўтароцік адзін у плаўнях (бо ж дружка твайго я бачыў), а я, стары дурань, і вухам не вяду. Можа, ён галодны, можа, бог ведае што з ім. Усё-такі плаўні — не жартачкі. Чым дома сядзець, думаю, дай лепей паеду пашукаю.

І паехаў. Калі б не гэтае «рукі ўгару», мабыць, стары да раніцы па плаўнях сноўдаўся, як вадзяны. Вось так...

Кукуруза ўсяго мог чакаць: што дзед будзе лаяцца, што нават надзярэ вушы, як некалі. Але што дзед будзе гаварыць так проста і шчыра, ён, мабыць, не думаў. Ён пасумнеў і замаўчаў.