Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 82

Усевалад Нястайка

Кныш замаўчаў, хліпаючы.

Мабыць, дзед расчуліўся — засапеў і захекаў.

— Ой, дзед, выкручваецца ён! Як вужака! — крыкнуў Кукуруза. — Яны тут з Бурмілам... у акваланзе для падводнага плавання... цэлае лета...

— Спецыяльна ў Кіеве купілі. Мы самі бачылі, — падхапіў я. — Заданне ў іх нейкае... ад вермахту... Мабыць, фашысцкі архіў з дна дастаюць. Як у Чэхаславакіі.

Кныш ажно сціснуўся ўвесь.

— Ды што вы, хлопцы! Што вы! Ды барані божа! Якое там заданне! Такое прыдумалі, далібог!

— А што ж? — запытаў дзед.

Кныш трошкі памаўчаў, потым раптам горача загаварыў:

— Ды знаеце, ды мы якраз, дзед, і пра вас думалі. Хацелі падаруначак вам зрабіць. Хоць вы і не п'еце, але ж на свята чарачку можаце... Хі-хі! Гэта ж, знаеце, даведаўся я, што ў вайну немцы тут спірт патапілі. Дваццаць, кажуць, каністр ляжыць. Герметычныя, што ім зробіцца. Дык вось думаем падняць. Толькі ж вы, дзед, калі ласка, нікому-нікому. Мы вам па дружбе дадзім. Нават і не думайце адмаўляцца. Гэта ж такая справа! Во якая! Хі-хі!..

Кныш засмяяўся дробненькім подлым смехам. Але смех адразу і абарваўся. Па дзедавым настроі Кныш зразумеў, што смяяцца няма як.

— Зразумела, — сурова сказаў дзед. — А ломік гэты навошта ўзяў?

— Ды проста так... проста... — замяўся Кныш.

— Хацеў усё зруйнаваць? Каб сляды замесці? Каб усё сплыло? Маўляў, стыхійная бяда? Так? — у голасе дзеда звінела металічная нянавісць.

— Вось баба праклятая... — пачаў Кныш, але дзед перапыніў яго:

— Годзе ўжо! Сядай! Паехалі!

— Ды, дзед, — плаксіва пачаў прасіцца Кныш. — Ды мы ж з вамі суседзі. Што вам — больш за ўсіх трэба? Я ж нічога не зрабіў, не паспеў жа! Адпусціце!

— Якія мы суседзі! — як адсек дзед. — Ты зусім на іншай планеце жывеш! І не пніся суседзіцца з людзьмі. Паехалі!

Кныш згорбіўся і, як пабіты сабака, паслухмяна пайшоў да чоўна.

А калі ўжо мы адплывалі, дзед Варава, ні да кога не звяртаючыся, ціха сказаў:

— А той спірт партызаны яшчэ ў сорак трэцім вылавілі. Для шпіталя. Трэба было ў старэйшых распытацца, перад тым як у ваду лезці.

РАЗДЗЕЛ апошні, заключны

Так і закончыліся прыгоды Рабінзона Кукурузы на бязлюдным востраве каля вёскі Васюкоўкі.

Наступны пасля той ночы дзень быў спаўна насычаны выключнымі падзеямі.

З раніцы прыехаў прафесар Дудка, кіраўнік кіеўскіх юннатаў, а разам з прафесарам карэспандэнт піянерскай газеты.