Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн

Усевалад Нястайка

Усевалад Нястайка

Тарэадоры з Васюкоўкі

Усевалад Нястайка. Тарэадоры з Васюкоўкі: Аповесць аб прыгодах двух сяброў. [Для мал. шк. узросту]/[Пераклад з укр. мовы В. Коўтун; Маст. А. П. Ксянзоў].— Мн.: Юнацтва, 1986.— 255 с., іл.

ЧАСТКА ПЕРШАЯ, якую расказвае Паўлуша Заўгародны

Незвычайныя прыгоды Рабінзона Кукурузы і яго вернага сябра і аднакласніка Паўлушы Заўгароднага ў школе, дома і на бязлюдным востраве паблізу вёскі Васюкоўка

РАЗДЗЕЛ І. Метро пад хлявом. Тарэадоры з Васюкоўкі. Сабакевіч

— От злыбеда, авантурыст смаркаты! Ванька-а! Вылазь зараз жа! Бо такога дам кухталя — тыдзень будзеш чухацца! Вылазь, чуеш!

Мы ляжым у густым бур'яне за клуняй, уткнуўшыся ў зямлю насамі, і не дыхаем.

— Вылазь, антыхрыст, бо горш будзе! Ты ж мяне знаеш!

— Знаю, знаю, — ледзь чутна ўздыхае мой сябар і нарэшце асмельваецца падаць голас.

— Дзеду, — жаласна адклікаецца ён.

— Давай-давай!

— Дзеду, — яшчэ жаласлівей паўтарае мой сябар, — вы адыдзіцеся за хату, мы вылезем. Бо ж будзеце біцца.

— Яны мне яшчэ ўмовы ставяць, падшыванцы! Ану, вылазьце!

— Ды мы ж не хацелі. Мы ж хацелі метро. Такое, як у Кіеве.

— Я вам дам мятра! Я вам такога мятра дам, што...

— Мы ж не ведалі. Мы зараз усё закідаем — нічога й відна не будзе. Адыдзіцеся, дзеду.

Доўга яшчэ ідуць перагаворы. Нарэшце дзед у апошні раз вылаяўся, закашляўся, плюнуў і пасунуўся за хату.

Мы вылазім з бур'яну.

Каля хлява нас сустракае гугнявым рохканнем пяціпудовая свіння Манюня, брыдкая і плямістая, як геаграфічная карта.

— У-у, скацініна! Каб ты...

Гэта праз яе мы ўскочылі ў нерат. У нас была цудоўная, высакародная ідэя — правесці пад свінарнікам метро. Гэта павінна было стаць сюрпрызам. Першая лінія метро ў Васюкоўцы! Станцыя «Клуня» — станцыя «Крывая груша». Тры капейкі ў адзін канец. Сваякі — бясплатна. З настаўніцы арыфметыкі — пяць капеек.

Мы ўжо дакапаліся амаль што да палавіны свінарніка, і раптам — непрадбачаная катастрофа — праклятая свіння Манюня правалілася ў наша метро.

Праваліцца яна змагла, а вось вылезці — дзуські! І падняла такі лямант, што прычоўгаў дзед. Ну і...

Горка ўздыхаючы, мы засыпаем метро. Раз-пораз зладзейкавата азіраемся — ці не застане нас знянацку дзед, каб накруціць вушы. Хаця ён і абяцаў не чапаць, пакуль не закончым, але хто яго ведае... Вы б пачулі, як ён лаяўся, калі выцягваў свінню. Ох і лаяўся! І дзе ён толькі такіх слоў набраўся!

Аднак дзеда не відаць. І пакуль мы працуем (а справа ідзе марудна і доўга), я пазнаёмлю вас з маім сябрам.

Вы, канечне, ведаеце, што ёсць такі востраў — Ява. У Індыйскім акіяне. І тое, што Ява, Суматра, Барнео, Цэлебес — Вялікія Зондскія астравы.

Ну, дык Ява — гэта не востраў. Ява — гэта мой найлепшы таварыш і напарнік. Ява Рэнь.

Мабыць, вас здзівіла, што ж гэта за імя такое — Ява? Гэта ён сам сябе так назваў, калі яму было толькі паўтара года. Ці гэта яно, пісклянё малое, хацела сказаць: «Я — Ваня», а выйшла «Ява», ці гэта «Іван» так прагучала (бо на самой справе яго завуць Іванам), але прычапілася тое «Ява» да яго, як ваўчок да сабачага хваста. Нават міліцыянер таварыш Валігура, які жыве ў нашай вёсцы, так яго заве.