Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 78
Усевалад Нястайка
— Ну і правільна. І добра. Хутка наогул усе забудуць, што быў такі... І ўсё будзе ў парадку, — бадзёра гаварыў ён, ало ў голасе чуўся сум. Каму гэта хочацца, каб яго ўсе забылі!
Я выцягнуў кулёк са скрыплікамі і працягнуў яму.
— О! Усё ж прывёз! Дзякуй! От засумаваў... — і ён адразу ўгрызся зубамі ў скрыплік.
— Ну, а што ты рабіў? — запытаў я.
— Ды што, рыбу вось лавіў і проста так...
— Ну, а дзённік свой ты хоць пішаш?
— Не, не пішу, — легкадумна сказаў ён, жуючы скрыплік. — Кінуў. Гэта ж тое самае, што ўрокі рыхтаваць. Ці для гэтага я на бязлюдны востраў запёрся?!
Я нічога не адказаў: я ж ведаў, што там — у дзённіку.
— Слухай, давай у цуркі-палкі пагуляем. Я так даўно не гуляў! — неспадзявана прапанаваў Кукуруза.
— А што, можна, — згадзіўся я.
І старыя стрэляныя качары, бяльматыя жабы, палахлівыя чарацянкі і іншыя жыхары плаўняў упершыню, мабыць, у сваім жыцці пачулі адчайнае і працяглае:
— Цуркі-палкі — накувалкі накую-ю-ю...
Да саменькага цямна гулялі мы з Кукурузай. Перасталі толькі тады, калі ўжо ні цуркі, ні нават палкі не відна было.
Яшчэ калі мы гулялі, чым цямней рабілася, тым большы неспакой мяне ахопліваў. Я, вядома, не хацеў прызнавацца Кукурузе, але з кожнай хвілінай нешта ўсё мацней муляла мне ўсярэдзіне. А калі зусім сцямнела, я ўжо быў, як кажуць, гатовы: ледзь стрымліваўся, каб не заляскаць ад страху зубамі.
— Ну, паехалі на Высокі, — сказаў Кукуруза. Ён выцягнуў з будана стрэльбу, зарадзіў.
Мы селі ў човен. Кукуруза на носе са стрэльбай. Я веславаў.
Ноч, як на тое, зноў была хмарная, без зорак, нібыта нехта ахінуў зямлю чорным радном.
— Значыць, план такі, — зашаптаў Кукуруза. — Я з ружжом, ты — з ліхтарыкам. Я кажу: «Рукі ўгору!», а ты ў гэты час свеціш ліхтарыкам і клічаш: «Таварыш Вялігура, заходзьце з правага боку! Мікалай Іванавіч, заходзьце з левага!» Каб ён падумаў, што нас многа. Так нават сапраўдныя пагранічнікі робяць, калі затрымліваюць шпіёна.
— А... што мы потым будзем рабіць? Калі затрымаем яго? — пацікавіўся я.
— Як — што? Перададзім у міліцыю таварышу Вялігуру.
— Дык, значыць, ты свой востраў пакінеш і не будзеш болей Рабінзонам? Рассакрэцімся ж усе.
Ох, і навошта я гэта казаў!
— Не, ні ў якім выпадку! — катэгарычна зашаптаў Кукуруза. — Я застануся на востраве. А ты павязеш яго ў міліцыю.
Мне стала зусім дрэнна. Я амаль не выпусціў вясло з рук.
— Ды што... ды як... ды ну... — замармытаў я.
— Падумаеш! Павядзеш да міліцыянера, таварыша Вялігуры, і ўсё.
— Ды Вялігура ж будзе спаць, — амаль што плакаў я. — Што ж я ноччу адзін з гэтым злодзеем рабіць буду? Ён жа мяне прыдушыць.
— Не бойся! Я табе дам стрэльбу. Потым прывязеш.
— Н-не трэба. Н-не давай! — цяпер ужо катэгарычна зашаптаў я. — Я стрэльбы баюся болей за Кныша. Неспадзявана стрэльне, заб'ю яго, і тады мяне расстраляюць.
Я ўжо канчаткова зразумеў, што ў Кукурузы ніякага плана не было. Ён усё прадумаў толькі да таго моманту, калі скажа: «Рукі ўгару!» — і Кныш стане, хістаючыся, з паднятымі рукамі. А ўсё астатняе, атрымліваецца, павінен рабіць я. Чорта з два!