Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 60

Усевалад Нястайка

І сабакі нібыта не гаўкаюць. І пеўні не спяваюць. І каровы не мукаюць. Нібыта прапалі гукі ў наваколлі — так вось у кіно бывае.

Сноўдаюся па вёсцы, месца не знаходжу. І кожны куточак, кожны кусцік і дрэўца кожнае пра яго мне нагадваюць. Вось тут мы ў цуркі-палкі заўсёды гулялі. У гэтых кустах хаваліся, калі шчыглоў лавілі. На гэтым дрэве змаганне верхалазаў было. Памятаеш, тады яшчэ галіна пада мной паламалася і я дагары нагамі на суку павіс, а потым упаў проста на галаву і думаў, што галава мая ў плечы зусім угрузла — дыхнуць не мог. Гы-гы! А ты не смяяўся, ты мне штучнае дыханне рабіў. Думаеш, я гэта забуду!

А вунь стары калодзеж, з якога мы, не, з якога ты Сабакевіча выцягнуў. Не думай, я яго даглядаю. Толькі што яму вось такі кавалак мяса даў. За абедам не з'еў, для яго збярог. Так што не хвалюйся.

А вунь будыначак Фарадзеевіча, дзе мы... З форткі выходзіць гурт юннатаў на чале з Фарадзеевічам. Нешта ўзрушана абмяркоўваюць.

— Глабулус... Наш глабулус... кіеўскія юннаты... прафесар... бліскучыя вынікі... толькі б не асаромецца... — далятаюць да мяне абрыўкі сказаў.

А, навошта мне ваш глабулус, вашы вынікі, калі няма са мною лепшага сябра! Калі ён на бязлюдным востраве... Усё роўна мне, усё роўна...

Гурр... — грузавік праехаў. Кныша. І ў кабіне з Кнышом — Бурміла. Куды гэта яны? А, няхай едуць куды хочуць!

Быў бы ты, мы абавязкова ззаду прычапіліся б. А як жа. А самому... Нецікава мне аднаму. Не ловяцца шпіёны. Калектыўная гэта справа.

Да позняга вечара блукаў я, самотны, па памятных для мяне мясцінах.

Нарэшце лёг спаць. Ляжу, а мне не спіцца. Я думаю. За вокнамі цёмна — хоць вока выкалі. На небе ні зорачкі — хмарна.

Што робіць там, на бязлюдным востраве, мой сябар Кукуруза? Ці спіць? Навокал нікога. Дагарэла вогнішча, і з усіх бакоў насоўваюцца чорныя хімерныя цені. А ён адзін, няма з кім словам перакінуцца, толькі слухае, як стукае яго сэрца.

А што, калі здарылася з ім якая-небудзь бяда і крычыць, кліча ён на дапамогу, і ніхто-ніхто не чуе, толькі лупатыя жабы раўнадушна крумкаюць у адказ, качары ў чаратах кракаюць і рэха стогалосае коціцца-коціцца па вадзе і не дакочваецца да людзей, губляецца, заблытваецца ў густых чаратах. Хто яму дапаможа, хто выратуе?!

Я ляжу, напружыўся ўвесь, затаіўшы дыханне. І раптам пачулася мне, што недзе далёка-далёка разнеслася тонкае і сумнае: «Аа-а-а!» Ці гэта ледзь чутны гудок цягніка на далёкім паўстанку, ці гэта сапраўды голас — ці зразумееш. Але сэрца ўжо шалёна б'ецца ў грудзях, і чамусьці я ўпэўнены, што сябар у бядзе. І ніхто ж, ніхто не ведае, дзе ён. Акрамя мяне. І ніхто туды дарогі не знойдзе.

Не, не магу я спакойна спаць, калі друг у бядзе. Не магу.

— Мама, — кажу, — я пайду на сена спаць. Горача вельмі.

— Ідзі, — спрасонку кажа маці. — Толькі коўдру вазьмі, накрыйся добра.

Я бяру коўдру і выходжу з хаты. І адразу трапляю ў густую і нават, здаецца, ліпучую цемрадзь. Іду амаль што навобмацак, як сляпы. Каб неспадзеўку не рыпнуць форткай, крадуся ў сад і ўжо там перамахнуў цераз плот. Іду па вёсцы, як па лесе, — цемра і цішыня. Толькі ў адным месцы блымае агеньчык. Гэта на слупе каля сельсавета гарыць ліхтар. Вецер гайдае яго, і круглая светлая пляма коўзаецца ўзад-уперад па зямлі. А далей зноў цемра. Я двойчы ўжо спатыкнуўся і ледзь не ўпаў. Але вось і рэчка. Тут трошкі святлей. Цьмяна блішчыць вада. Я сядаю ў човен, асцярожна, каб не намачыць, кладу на нос коўдру (чаго я яе ўзяў, сам не ведаю) і адплываю. Рукі мае — як бы і не мае. Грабуць механічна — я іх амаль не адчуваю. І ўсё цела не маё: нейкае драўлянае. І галава не мая. Нібыта ўсё не ў сапраўднасці адбываецца, а ў мроях. Шалясцяць чараты, нібыта па спіне маёй шкрабаюць.