Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 62

Усевалад Нястайка

Начная прыгода была настолькі невераемнай, што калі я раніцай прачнуўся, то нават падумаў спачатку, ці не прыснілася мне гэта.

Ды вось да мяне падышла маці, нахілілася:

— Ну, як спалася на вуліцы, сынок? О, чаму гэта коўдра мокрая? Хіба ноччу быў дождж? Ці, можа... — маці ўсміхнулася.

Я густа пачырванеў.

— Ды што ўжо... гэта... гэта... я... вады захацелася, кружку сюды ўзяў і разліў выпадкова.

Добра, што маці спяшалася даіць карову і не пачала распытваць.

Начная прыгода ўспомнілася мне з усімі падрабязнасцямі. Але цяпер яна не здавалася мне такой жахлівай, як ноччу. Можа, таму, што раніца была сонечнай і вясёлай, а, як вы ведаеце, усе начныя страхі раніцай перайначваюцца. Ноччу ўсё здаецца яшчэ страшнейшым ад таго, што цёмна і ціха і людзі спяць. А раніцай свеціць сонца, шчабечуць птушкі, бразгаюць вёдрамі жанкі каля калодзежа і навокал людзі. Я быў бадзёры і энергічны. На востраў! Неадкладна трэба на востраў. Даведацца, як жа там сябар — ці жывы...

Хуценька памыўшыся, я пабег у хлеў. Маці яшчэ даіла. Цялё таксама лезла да каровы. Маці адганяла яго: «Пайшло! Пайшло!»