Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 61
Усевалад Нястайка
Толькі б не збіцца з дарогі, толькі б не заблудзіцца! Першы плёс. Струга. Другі плёс. Цяпер направа. Вунь той гнілы астравок, каля якога тануў Кукуруза. Правільна. Добра плыву. З-за хмар выглянуў месяц, і не толькі ў плаўнях, а і ў душы маёй адразу зрабілася святлей і весялей. Яшчэ трохі, яшчэ... Ужо блізка. Вунь яшчэ адна струга. Потым паварот і — нібы з вузенькай вулічкі выбраўся я на вялізную плошчу. Шырокі роўны плёс пасерабрыўся рагатым месяцам. І раптам зялёная купіна вострава здалася гіганцкай казачнай гарой сярод бязмежнага мора, і да той гары далёка-далёка, а сам я маленькі-маленькі, як камар.
Здалося мне, што я нават бачу незвычайна прыгожыя гарады на схілах гары, з палацамі, з высокімі вежамі (гэта перапляліся вербавыя галіны), і коннікаў нават бачу, што імчаць па горных павілястых дарогах (ці не птушка паварушылася ў чаратах), і нават чую цокат капытоў (гэта звінела ў вушах ад цішыні). Вось як часам пераблытвае ўсё чараўнік-месяц.
І тым больш невераемным і фантастычным здалося мне тое, што я раптам убачыў. А ўбачыў я велічэзную шэрую постаць на чоўне каля самага берага — нібы казачны волат Гулівер трапіў у краіну ліліпутаў. Я ўздрыгнуў ад нечаканасці. Хто гэта? Кукуруза? Але ж у яго няма чоўна. Нейкі рыбак? Але ж рыбакі ніколі так далёка ў плаўні не заплываюць, ды яшчэ ноччу. Рыба каля самай вёскі выдатна ловіцца...
Кныш? Бурміла?
Сэрца ў мяне пакацілася-пакацілася некуды ўніз... Тым часам той човен знік за прыбярэжнымі чаратамі. Мне так захацелася павярнуць назад і штосілы пусціцца наўцёкі. Але я стрымаўся. Там жа на востраве Кукуруза, мой сябар, зусім адзін. Я плыву да яго на дапамогу. А можа, менавіта цяпер, у гэтую хвіліну, мая дапамога вельмі-вельмі патрэбна. У мяне ж човен. І калі незнаёмы, якога я толькі што бачыў, сапраўды Кныш або Бурміла, хоча нарабіць бяды майму сябру, я выратую яго — мы ўцячом на чоўне. Хутчэй, хутчэй! Я налёг на вясло і скіраваў човен да берага — вядома, з іншага боку. Прыстаў, вылез і асцярожна пачаў красціся. Кукуруза, напэўна, у будане — можа, і спіць, бо не чутна ні гугу. Клікаць яго небяспечна — адразу звернеш на сябе ўвагу таго тыпа.
Ох, як цёмна, якія карчы. Нічога не відна. Раптам там, дзе быў незнаёмы, нешта шубоўснула ў ваду. Сэрца ў мяне спынілася. Што гэта?.. Што? Ой! А што, калі гэта... ён ужо ўтапіў майго сябра?! Халодны пот абсыпаў мой лоб. Мінула хвіліна, другая. Я стаяў у абсалютнай цемры, выцягнуўшы ўперад рукі, і не мог паварушыцца. І раптам... раптам на мае рукі нехта наткнуўся. Вялізны, як мядзведзь. Рукі мае міжволі канвульсіўна сціснуліся, учапіліся ў яго грудзі, адпіхваючы. У наступны момант я адчуў страшны ўдар па нагах і паляцеў на зямлю. Але чамусьці не назад, а наперад, на яго. Мабыць, ён падбіў мяне і кінуў на сябе. Я войкнуў і шалёна пачаў малаціць рукамі і нагамі, вырываючыся. Драпнуў па нечым мяккім, здаецца, па абліччы, штосілы рвануўся, скочыў на ногі і кінуўся наўцёкі. Я імчаўся цераз карчы, ламаючы галіны, спатыкаючыся і налятаючы на дрэвы. Але я не адчуваў болю ні ад драпін, ні ад удараў. З разгону ўскочыў я ў човен і, схапіўшы вясло, штосілы пачаў грэбці ад берага. Я ніколі не веславаў так шалёна, човен ляцеў, як ракета. Увесь час я ў паніцы азіраўся — ці не гоніцца ён за мной. Не! Пагоні не было. Апамятаўся я толькі тады, калі прыстаў да берага каля сяла. Я ўвесь час трымцеў ад напружання, стомы, перапалоху. Але, нягледзячы на стомленасць, па вёсцы я таксама не ішоў, а бег амаль што ўвесь час — у поўнай бяспецы я мог адчуць сябе толькі ў сваім двары. Мокры канец коўдры (намачыўся ўсё ж такі) ляпаў мяне па спіне, нібыта падганяў. Як палена, упаў я ў сена каля паветкі і доўга ляжаў зусім нерухома — аддыхваўся. У галаве, нібыта ў сапсаваным тэлевізары, мільгалі адрывістыя кадры толькі што перажытага. Што ж здарылася? Хто гэта быў? Няўжо Кукуруза загінуў? Што рабіць? Можа, пабудзіць бацьку, усё расказаць, сабраць людзей і — туды... А калі Кукуруза не загінуў? Я ж не ўпэўнены ў гэтым. Тады яго таямніца раскрыецца і атрымаецца, што я здраднік. О не! Здрадзіць сябру — гэта жахліва. Я ніколі не пайду на здраду. Усё, што хочаце, толькі не гэта. Што ж рабіць? Што рабіць? Доўга я мучыўся гэтым пытаннем, але так нічога і не змог прыдумаць. Нарэшце стома і сон перамаглі, і я заснуў.