Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 50

Усевалад Нястайка

— Ды Круза, а не Кукуруза! Рабінзон Круза.

— Гэта ён быў Круза, а ты — Кукуруза. Якраз падыходзіць імя... Асабліва пасля ўчарашняга...

— А што? Можа, гэта ты нядрэнна прыдумаў. Кукуруза! Гучыць! Га? Ведаеш што! Дык ты не заві мяне — Ява, а заві — Кукуруза. Няхай так і будзе. Дамовіліся?

Так Ява перастаў быць Явам, а зрабіўся Рабінзонам Кукурузай. Пэўна, на вяку напісана яму было насіць прыдуманыя імёны. Так што запомніце добранька, далей я буду зваць яго Кукуруза.

— Дык ты што — сёння не хочаш уцячы на востраў? — запытаў я.

— Эх, які ты! «Сёння»! — раззлаваўся Кукуруза. — Трэба ж спачатку выбраць надзейны бязлюдны востраў, а тады ўжо ўцякаць.

— Ды што там выбіраць? Высадзіўся на які-небудзь і жыві сабе.

— Табе што... А мне — дваццаць восем гадоў два месяцы і дзевятнаццаць дзён там жыць. Думаеш, лёгка?

— Хіба я супраць, можна і выбраць. Хоць цяпер. Паедзем?

— Пачакай трохі. Праз гадзіну. Няхай дзед у сельмаг пойдзе.

— А што ты наогул дома скажаш, калі будзеш уцякаць? Яны ж хвалявацца будуць. Усіх на ногі падымуць. Будуць шукаць. Ох, уяўляю...

— Вядома ж, не скажу: «Дарагія бацькі, я ўцякаю ад вас на бязлюдны востраў. Бывайце. Пішыце». Гэта ж камедыя. Ніхто ж так на бязлюдны востраў не ўцякае. Маці і бацьку ўвогуле нічога не трэба будзе гаварыць. Яны ў Кіеве. А дзеду я што-небудзь прыдумаю. Скажу, напрыклад, што пайду ў Пяскі да цёткі Ганны. Там якраз і Ярынка ў гасцях. Ат, нешта прыдумаю... Каб панікі не нарабіў.

— А потым што? Калі маці прыедзе і даведаецца, што ты знік?

— Нічога, як там ужо будзе... — тут голас у Кукурузы задрыжаў. Мабыць, думка аб тым, што яго забудуць, была ўсё-такі горкаю для яго. І ён паспяшаўся перавесці гаворку на іншае: — Галоўнае, востраў трэба добры адшукаць. Каб і месца было рыбнае, і дзічына каб...

— А ты стрэльбу возьмеш?

— А як жа. У Рабінзона нават некалькі стрэльбаў было. Але я і з адной бярданкаю не прападу. Ты ж ведаеш маю бярданку. Б'е, як шалёная. Нават лепш за той «Заўэр», што ў дзеда ёсць.

Гэта ўжо Кукуруза перабольшваў. Але я не стаў спрачацца — хлопец на дваццаць восем гадоў на востраў уцякае, няхай хоць цяпер нацешыцца.

У сенцах пачуўся кашаль, скрыпнулі дзверы, на двор выйшаў дзед Варава. Зірнуў сярдзіта на нас і сказаў:

— Я ў краму. На хвілінку. Глядзіце мне тут!

— Ды мы нічога. Вось толькі на рэчку, можа, пакупаемся. Бачыце, як сонца смажыць, — з просьбаю ў голасе адказаў Кукуруза.

— Урокі, урокі трэба вучыць, а не купацца. Двоечнік! — буркнуў дзед і, закрактаўшы, падаўся з двара.

Я з сумненнем глянуў на Кукурузу.

— Нічога, пойдзем, — ціха сказаў ён. — Ведаю я тую «хвілінку». Як сустрэнуцца каля крамы з дзедам Салівонам, то гадзіны тры прагавораць, не меней.

Хоць нічога дзіўнага не было ў тым, што мы паплывём на чоўнах у плаўні (колькі разоў ездзілі і рыбу лавіць, і проста так катацца), а таму ні ў кога не магло ўзнікнуць ніякіх падазрэнняў, але мы прабіраліся да ракі цішком і ўвесь час, крадучыся, азіраліся. І ніводнага добрага чоўна не зачапілі. Хаця ўсе яны былі прыткнутыя каля берага, і нам не забаранялася іх браць — тут быў і наш човен, і ажно тры чаўны дзеда Варавы (даўбанка і дзве пласкадонкі). Мы распрануліся і пераплылі на той бок на пясчаны астравок, дзе за вялікім кустом вырбалозу ляжала тая гнілая, зношаная, як стары чаравік, пласкадонка, з якой мы думалі зрабіць, але так і не зрабілі падводную лодку і на якой тапіўся Ява. Мы яе пасля таго выпадку заканапацілі, прасмалілі, і яна хоць і прапускала ваду, але ўжо не танула. Калі вычэрпваць ваду, то можна было і плысці. Тут жа, пад чоўнам, ляжала доўгае патрэсканае вясло, якое мы пазычылі ў дзеда Варавы. Ён і не заўважыў — у яго яшчэ дзесяць такіх вёслаў валяецца: і кароткія — для даўбанкі, і доўгія — для пласкадонак. У нас жа, ведаеце, як на пласкадонках ездзяць! Стоячы. Стаіш на карме (можна і на носе) і то з аднаго боку, то з другога вяслуеш. Таму вясло доўгае. Так веславаць — умець трэба. Калі не ўмееш, то — брык! — і гадуй ракаў. Ну, мы з самага маленства ўсё ўмеем, нам не страшна.