Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 51
Усевалад Нястайка
— Конаўку якую вазьмі, а то цяжка будзе. Глянь, працякае ўсё ж, чарпак стары, — сказаў Кукуруза.
Адштурхнуліся мы вяслом і паплылі. Абагнулі астравок — і вось ужо ў чароце. Вузенькаю стружкаю плывём. Грабе Кукуруза — хоць і я добра вяслую, але ён большы майстар. Грабе ціха, асцярожна. Пільнуецца. Стружка павілястая, увесь час павароткі. Штурхнеш мацней, чым трэба, — раз! — і човен ужо носам у чарот утыркнуўся. Адпіхвайся потым назад, выцягвай нос — марока! Добра грабе Кукуруза — ні разу чарот не клюнуў.
Я ляжу на носе, гляджу ў ваду. Вада празрыстая-празрыстая — усё да самага дна відаць: водарасці, карчы. Відаць нават, як рыба шмыгае. Цікава!
Усё далей і далей зашываемся мы ў плаўні. Нечакана за паваротам адкрыўся шырокі плёс. Гладка — ні маршчынкі. Белыя і жоўтыя лілеі параскіданыя паўсюль — як на малюнку. Пасярэдзіне — дзве качачкі-ныркі плаваюць. Заўважылі нас — і няма. Так хутка нырнулі, нібыта іх і не было. Толькі гладкі плёс. Ажно бульк — метраў за дваццаць — ці гэта яны, ці іншыя...
Зноў мы ў стружку ўплылі.
— Ш-ш-ш! С-с-с! Ш-ш-ш!
Качачкі праляцелі.
Паляўнічы сезон не пачаўся, і яшчэ няпуджаныя птушкі хмарамі лётаюць над намі.
— Вось бы стрэльбу! — кажа Кукуруза.
— Ага, — кажу я.
Плывём.
— Вунь тое месца, дзе я тапіўся, — з горыччу ўспомніў Кукуруза.
— Цьфу! — плюнуў я ў той бок.
Мы зноў выплылі на плёс, даволі вялікі, на якім нават гулялі пеністыя хвалі (бо якраз пачаўся вецер) — як на сапраўдным моры. Гэта быў ужо пяты плёс, які мы праплылі, і астравоў ужо з дзесятак абмінулі. Я кожны раз пытаўся: «Можа, гэты? Ці гэты? Прыгожанькі ж бязлюдны востраў. Тое, што трэба». Але Кукуруза думаў па-свойму, і ўсе тыя астравы ён забракаваў. Па розных прычынах. Той быў вельмі маленькі — няма дзе разгуляцца. У гэтага берагі надта ўжо чаротам зараслі — да вады цяжка даставацца. На тым дрэў няма — дзе ж ламачча на вогнішча браць? І так далей.
І вось перад намі новы востраў. Нібыта суцэльная зялёная купіна: вербалоз паўсюль, а дзе-нідзе нават таполі выраслі. Бераг толькі часткова зарос чаротам — ёсць выхад да вады. З трох бакоў востраў абмываецца чыстым плёсам.