Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 48

Усевалад Нястайка

І раптам мы пачулі, як нехта ахрыплымі, гугнявымі галасамі выводзіць песню.

Нас падкінула, як на спружынах. Людзі!

— Гэй! Гэй! — закрычалі мы і прыціхлі, прыслухваючыся.

І тады мы, забыўшы пра ўсё на свеце, кінуліся на песню і адчайна закрычалі:

— Людзі! Пачакайце! Людзі! Родненькія! Сюды!..

І здаецца, я нават крыкнуў ганебнае: «Ратуйце!» — дакладна ўжо не прыпомню.

Песня перарвалася.

— Родненькія! Пачакайце! — праверашчалі мы і змоўклі, чакаючы адказ.

І недзе зусім блізка пачулі галасы:

— Гука-ае нехта...

— А, пайшлі!

— Не! Крык-чыць нехта... Каб я так бога бачыў!

Мы так і прыселі. Вось бяда, дык гэта ж Бурміла! І Кныш.

— Ды пайшлі! — кажа Кныш. — Гэта нехта жартуе.

— Не, не жартуе. Ратуйце крык-чыць. Агу! Хто тут ёсць? Дзе вы? — загукаў Бурміла.

Ява глянуў на мяне і прыклаў палец да вуснаў: «Цс!» Але ўжо было позна.

— Тут, — піснуў я. Яно неяк само вырвалася, я не хацеў.

Кукуруза над намі рассунулася, і мы ўбачылі чырвоныя насы Кныша і Бурмілы.

— Го-го! Дык гэта вы? Галубчыкі! — расплыўся ў яхідна-радаснай усмешцы Кныш і падміргнуў Бурмілу. — Што я табе казаў. І заблудзіліся? У кукурузе? Га-га! Го-го! Ге-ге-ге!

Ён аж надвое перагінаўся, трымаючыся за жывот, так рагатаў. Бурміла смяяўся толькі праз пэўныя прамежкі часу. Ён быў п'янейшы за Кныша. Смех булькаў у яго недзе ўсярэдзіне, а на паверхню вырываўся невялікімі порцыямі, як пара з імбрыка, які вось-вось закіпіць.

— Гы-ш... Гы-ш... Гы-ш!..

— Эх, вы... с-смаркачы! — нарагатаўшыся, сказаў Кныш. — Ну, трымайцеся за дзядзькавы штаны, бо зноў згубіцеся.

І, абняўшы Бурмілу, ён павярнуўся да нас спіною.

РАЗДЗЕЛ ХІІ. «Не заві мяне больш — Ява, заві мяне — Кукуруза!»

Я іду ў сельмаг. Маці паслала. Па алей. Гэта на наступную раніцу пасля трагедыі ў кукурузе.

У краме і каля крамы поўна людзей — сёння нядзеля. Хто купляе, хто піва п'е, хто проста гамоніць, семкі лузгае. Сельмаг у нас насупраць клуба — тут заўсёды людна, а ў нядзелю тым больш.

Заўважыўшы мяне, людзі адразу пачынаюць усміхацца, перашэптвацца, пераміргвацца.

А дзед Салівон кажа:

— А, здароў, хлопец! Штосьці я цябе даўно не бачыў?

— Дык яго ж не было ў вёсцы, — падкідвае Грыць Кучарэнка.

— А дзе? — «здзіўляецца» дзед Салівон.

— Ды ў кукурузе блукаў... тыдзень ці два.

— Га-га-га! — рогатам выбухнуў сельмаг. Тут і прадавец дзядзька Кузьма не вытрымаў, усунуў свае тры грошы:

— Мы нядаўна компасы атрымалі... Не трэба?

— Га-га-га!

— От хлопцы!

— От артысты!

— І кіна не трэба...

Узяў я алей і як ашпараны на вуліцу. За мной услед рогат коціцца. Хто б ні сустрэў, слоўца кіне:

— Прывітанне кукурузніку!

— Наша вам ад каралевы палёў!

Можа, хто проста так вітаецца, а мне здаецца, што глумліва, насмешліва. І, магчыма, нехта смяецца зусім па іншай прычыне, а я ўсё на сябе пераводжу.

Каля клуба агромністая рэклама кінафільма «Тарас Шаўчэнка» (сягоння будзе ісці). Намалявана, як праз строй гоняць салдата.

І адразу мне здаецца, што ажываюць навокал цені і шпіцрутэны свішчуць у паветры. І гаршкі, і гладышы на платах — ужо не гаршкі і не гладышы, а салдацкія галовы ў бесказырках... Як той салдат, бягу я праз строй — вуліцу...