Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 49

Усевалад Нястайка

Ускочылі мы ў пекла. Некалькі дзён будуць смяяцца, не меней. Хоць на вуліцу не выходзь. У нас такія!

Занёс я алей, пайшоў да Явы душу адвесці. Сустрэў яго ў садзе — ён да мяне якраз накіроўваўся.

— Здароў, Паўлуша! — сур'ёзна-сур'ёзна сказаў ён. — Я да цябе.

— Здароў, а я да цябе!

— Развітацца ішоў, — адвёў Ява вочы ўбок.

— Што, пасылаюць кудысьці? — здзівіўся я.

— Ат! — махнуў рукой Ява. — Зусім з хаты ўцякаю.

— Куды?

— На які-небудзь бязлюдны, незаселены востраў.

— Ды ну цябе, дурны! Мелеш такое, абы-што. Дзе ты возьмеш такі востраў? Цяпер такіх астравоў не бывае.

— Бывае. Гэта ты не ведаеш.

— Як ты ўцячэш, калі мы з табой нават да мора не змаглі даехаць? Цябе ж на першай станцыі зловяць.

— А я і не пайду на станцыю. Навошта мне станцыя?

— А што?

— У плаўні падамся. Колькі там астравоў бязлюдных...

— А як жа ты там жыць будзеш? Прападзеш, як мыш рудая.

— Не прападу, — упэўнена сказаў Ява і выцягнуў з-пад сарочкі кніжку. — Жыў вось чалавек на бязлюдным востраве — і нічога. Не прапаў.

— Што гэта за кніжка? — пытаю.

— «Прыгоды Рабінзона Круза». Чытаў?

— Кніжка кніжкай, а плаўні плаўнямі. Ты падумай лепш.

— Я ўжо думаў. І вырашыў канчаткова. Ты мяне знаеш. Я толькі хачу, каб ты мне трошкі дапамог.

Я быў абяззброены.

І надоўга ты збіраешся на той востраў?

— Рабінзон прабыў на бязлюдным востраве дваццаць восем гадоў два месяцы і дзевятнаццаць дзён, — уздыхнуўшы, сказаў Ява.

— Ого-го! — я ажно рот разявіў. — Гэта ж колькі табе будзе? Сорак з гакам. Гэта ж мы ўжо і школу, і інстытуты паканчаем. Карафолька акадэмікам стане, Грабянючка аграномам. Я лётчыкам — калі атрымаецца. А ты...

— Што ж зробіш, — зноў уздыхнуў Ява.

— Слухай, а хто ж будзе за Кнышом і Бурмілам сачыць? Хто будзе іх выводзіць на чыстую ваду? Можа, яны і сапраўды вельмі небяспечныя шпіёны і злачынцы? Га? Ты што, забыў пра тую таямнічую размову? І акваланг? І торт, і ўсё астатняе? Забыў?

Ява адразу пачырванеў, няйначай я злавіў яго за руку. Я ўжо думаў, што ён адмовіцца ад сваёй прыгоды. Але ён сказаў:

— Не, нічога я не забыў. Але давядзецца табе аднаму сачыць за імі і выкрываць іх. Ты хлопец кемлівы, смелы, сам управішся. І станеш вядомым. І пра цябе ў газетах напішуць, і па радыё, і па тэлевізары. А я не магу тут больш жыць. Не магу. Праз некалькі дзён прыедзе маці і... хоць — куды вочы глядзяць!

Я ўздыхнуў.

— А можа, усё-такі не ўцячэш? Неяк патрываем.

— Не, раз я вырашыў — усё!

— А каб яго, Кукурузу гэтага! Цябе толькі з панталыку збіў. Няўжо ж мы ў дзяцінстве ўжо не пабачымся? — з адчаем запытаў я. — З кім жа ў цуркі-палкі буду гуляць? З Карафолькам? Дзякуй табе вялікае!

Ява зморшчыўся, паглядзеў на мяне — прамармытаў нешта. І, памаўчаўшы трохі, сказаў:

— Чаму не пабачымся? Толькі ты адзін будзеш ведаць пра мой востраў. І прыязджаць дзе-калі... Рабінзон таксама не адзін быў. Потым ён выратаваў дзікуна Пятніцу і жыў з ім удвух. Так што...

— Выходзіць, я буду ў цябе дзікуном, — ужо весялей сказаў я. — Ён, значыць, герой... А я, значыць, дзікун. От Кукуруза!