Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 4

Усевалад Нястайка

Кілімок і капялюшык — гэта быў наш тарэадорскі рэманент. Па дарозе мы яшчэ выразалі з ляшчыны дзве цудоўныя шпагі. Былі ў поўнай баявой гатоўнасці.

Мы ішлі і спявалі арыю Хазэ з оперы Бізэ «Кармэн», якую шмат разоў чулі па радыё:

Торе-гадор, смеле-ге-е в бой, торе-гадор, торе-гадор... Там ждет тебя-га любовь, там ждет тебя-га-га любовь.

Мы спявалі і не ведалі, што нас чакае. Неба было сіняе-сіняе — сапраўднае іспанскае неба.

Надвор'е — самае адпаведнае для бою быкоў.

Мы пагналі кароў аж на самы край выгану, туды, дзе ставок — падалей ад людскога вока.

— Адгані сваю Маньку ўбок, каб не перашкаджала, — сказаў Ява, — і давай пачынаць.

Я не стаў пярэчыць. Тым больш што Манька ў нас дужа нервовая, ёй лепш не бачыць бою быкоў.

Ява паправіў на галаве капялюшык, падцягнуў нагавіцы і, падтанцоўваючы, стаў набліжацца да Кантрыбуцыі. Падышоў да саменькай морды і пачаў махаць кілімком перад вачамі. Я затаіў дыханне — зараз пачнецца...

Ява замахаў кілімком яшчэ мацней.

Кантрыбуцыя — анігадкі!

Спакайнюсенька шчыпле сабе траву.

Ява мазнуў яе кілімком па храпе. Кантрыбуцыя толькі адвярнулася.

Ява разнервавана піскнуў і з усіх сіл хлёснуў карову кілімком. Кантрыбуцыя, ляніва пераступаючы нагамі, павярнулася да Явы хвастом.

Ява зноў забег наперад і пачаў вытанцоўваць...

Праз паўгадзіны ён сказаў.

— Яна да мяне проста прывыкла, яна мяне любіць і таму не хоча... Ану, давай ты!

Праз гадзіну, захекаўшыся, я сказаў:

— Палена нейкае, а не карова. Шкада, што ў Манькі адбіты рог, а то я паказаў бы, што такое сапраўдная тарэадорская карова.

Ява зноў замяніў мяне. Ён штораз мяняў тактыку: то падыходзіў да каровы паціхеньку і неспадзеўкі біў кілімком, то падскокваў з разгону, то налятаў збоку. Кантрыбуцыя не прымала бою. Чубы ў нас узмакрэлі, кілімок адчайна матляўся ў руках — здавалася, што Цюця, Гава і Рэва вось-вось загаўкаюць.

А Кантрыбуцыя — хоць бы што, не звяртала на нас аніякенькай увагі.

Адзін раз, калі Ява схапіў Кантрыбуцыю за вуха, яна з дакорам глянула на яго сваімі сумнымі вачамі і сказала:

— Му-у!

У перакладзе з каровінага гэта, мабыць, азначала: «Ідзіце, хлопцы, адсюль. Не чапайце мяне».

Але мы ўчасна не зразумелі папярэджання.

Хэкаючы, мы скакалі навокал яе, выклікаючы на двайны бой. Ява саромеўся за сваю Кантрыбуцыю — я гэта бачыў. Нарэшце, раззлаваны дарэшты, Ява крыкнуў:

— Ану, удар яе, Паўлуша, добра! Што — баішся?.. Ну, дык я сам!

Ён размахнуўся і ткнуў Кантрыбуцыю нагою па губе.

І раптам... Раптам я ўбачыў Яву дзесьці высока ў небе. І адтуль, з неба, пачуў яго адчайны лямант:

— Вва-вай!

Ён пачаў бегчы, па-мойму, яшчэ ў небе. Бо калі яго ногі дакрануліся да зямлі, то ён ужо штосілы імчаў да стаўка. Я рвануўся за ім. Гэта быў наш адзіны паратунак. Мы з разгону ўляцелі ў ставок, уздымаючы цэлыя гейзеры вады і гразюкі. Спыніліся ажно на сярэдзіне. Тое, куды мы ўляцелі, па праўдзе кажучы, стаўком можна было назваць толькі ўмоўна. Калісьці сапраўды тут быў вялізны ставок-копанка. Але ён даўно ўжо перасох, абмялеў і ператварыўся ў звычайную сажалку. На самым глыбокім месцы нам было па шыю. Менавіта тут мы зараз і стаялі, адсопваючыся.