Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 2

Усевалад Нястайка

У іх наогул уся сям'я цікавая.

Бацька на скрыпцы іграе. Карова — Кантрыбуцыяй завецца. А дзед (вы ўжо з ім пазнаёміліся) — заўзяты паляўнічы, на паляванні, калі страляе, левае вока анучкай завязвае. Бо ў яго левае вока без правага не прыжмурваецца. Як левае прыжмурыць — дык і правае заплюшчваецца. Але б'е дзед Варава з той анучкай на воку, ох як цаляе!

Гарадскія паляўнічыя, якія на «Волгах» з Кіева прыязджаюць, толькі ахаюць.

«Вы, дзядуля, абсалютны чэмпіён», — кажуць.

У гонар старога Рэня нават возера каля нашай вёскі людзі Рэневым назвалі.

А маці Явы — дэпутат райсавета, звеннявая кукурузаводаў.

Неяк Ява пасварыўся з Ярынкай, меншай сястрычкай, і пры ўсіх плескачоў ёй надаваў. Дык яна, замест таго каб заплакаць, раптам як закрычыць:

— Апазогыў! — Яна літару «р» не вымаўляе. — Маму-дэпутата на ўсю вёску апозогыў! Загаза чогтавая!

Такога гвалту нарабіла — Ява не ведаў, куды й вочы падзець. Стаяў чырвоны як рак, а потым як даў лататы — толькі пяткі замільгалі.

Але такое толькі раз было. А наогул, характар у Явы ого-го! Сталь, а не характар. Такі сярод мільёна толькі адзін і знойдзецца.

Ява сам гаварыў:

— Мы з табой, Паўлуша, хлопцы будзь здароў. Точна-точна, без хлусні, мы хлопцы з фантазіяй. Скажы?

— З фантазіяй, — падтакваў я.

— Ты чуў, як дзед Салівон учора каля сельмага казаў: «Вунь, кажа, Ява і Паўлуша пайшлі. Вось хлопцы! Арлы! Сокалы! Гангстэры, а не хлопцы! Няма на іх пугі!»

— Чуў. Точна.

— Трэба, каб усе так пра нас казалі. Трэба, каб слава пра нас грымела на ўсю Васюкоўку, як радыё на Першае мая.

— Трэба, — згаджаўся я.

І Ява ўвесь час прыдумляў розныя штукі дзеля нашай славы.

Неяк мы з ім злавілі ў лесе савяня і выпусцілі ў клубе пад час лекцыі на тэму: «Выхаванне дзяцей у сям'і». Лектар зваліўся з трыбуны і выліў сабе на галаву графін з вадою.

А старыя дзедавы споднікі на тэлевізійную антэну над клубам, думаеце, хто павесіў? Мы, вядома.

А вось неяк улетку Ява сказаў:

— Давай арганізуем бой быкоў!

— Га? — не адразу змікіціў я.

— Ты помніш, як мы ў клубе замежнае кіно бачылі — «Тарэадор»?

— Ага... Ну дык што?

— Памятаеш, на арэне раз'ятраны бык, а тут дзядзька ў капелюшы і з кінжалам перад ім танцуе.

— Так-так-так...

— А потым — рраз! Бык — брык! І воплескі.

— Ага. Здорава... Але ж гэта забіваць патрэбна. Хто ж нам дазволіць забіваць жывёліну?

— Цьфу, дурны! Забіваць! Гэта табе што — мясанарыхтоўка, ці што. Гэта ж відовішча. На стадыёне. Як на футболе. Галоўнае — прыгожа махаць чырвоным плашчом і спрытна выкручвацца, каб рогам не зачапіла. Ты ж бачыў. Тарэадоры — гэта самыя смелыя героі і спрытнюгі. Галоўнае тут — трэніроўка і спрыт. Разумееш? Упершыню ў гісторыі Васюкоўкі — бой быкоў. Тарэадор Іван Рэнь і тарэадор Павел Заўгародны. Госці з'язджаюцца з усёй краіны. Трансляцыя па радыё і тэлебачанні. Нават у Жмерынцы будзе відаць.

Я ўсміхнуўся. Гэта здорава! Па радыё, па тэлебачанні і наогул...

Мы прымасціліся зручней і пачалі абмяркоўваць падрабязнасці. Перш-наперш — бык. Кандыдатура калгаснага бугая Пецькі была адхілена адразу. Гэта такая страхалюдзіна, што яго нават сам заатэхнік Іван Свірыдавіч баіцца. Вочы, як трактарныя фары. Зямлю грабе нагамі, як экскаватар.