Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 6

Усевалад Нястайка

Бокам, спінамі да бур'яноў, мы праходзім каля дзеда і, абмінуўшы яго, штосілы бяжым. Уцякаем.

І якраз учасна: яшчэ імгненне — і дзедава рука з размаху прыляпілася б да маіх нагавіц...

Я жыву па суседству з Явам. І праз хвіліну мы ўжо аддыхваемся ў нашым садку.

Мы сядзім у бульбе пад вішняю. Сядзім і бядуем, што такая прыкрая няўдача напаткала нас з тым «метро». Але доўга сумаваць мы не ўмеем.

— Слухай, — раптам кажа Ява, — а давай зробім... падводную лодку.

— Давай, — не задумваючыся, кажу я. І толькі пасля таго пытаю: — А з чаго?

— Са старой пласкадонкі. Той, што каля вярбы...

— А як?

— Ваду вычарпаць, дзіркі пазатыкаць, прасмаліць, верх забіць дошкамі. Вось тут перыскоп. Вось тут люк. На днішча баласт.

— А рухавік?

— На вёслах будзе. Нам жа не трэба, каб дужа ходкая. Абы падводная.

— А дыхаць?

— Праз перыскоп.

— А на паверхню як выплываць?

— Баласт выкінем і выплывем.

— А як вадой залье і затопіць?

— Ты што, плаваць не ўмееш? Вось яшчэ! «Як? Як?» Дулю з макам з табою зробіш!

— Сам ты дуля з макам! Які разумны!

— Ды ну цябе, — сказаў Ява ўжо прымірэнча. А я і зусім нічога не адказаў — не хацелася сёння сварыцца.

Мы выйшлі з саду і скіраваліся да старога калодзежа з жураўлём, з якога ўжо даўно і ваду не бралі — так затваніўся. Я перахіліўся і гучна крыкнуў у задушлівую і прапахлую цвіллю і балотам цемрадзь: «Го!» Я люблю гокаць у калодзеж: такое «го» атрымліваецца — аж у вушах ляскаціць. Такое «го» толькі ў калодзежы і пачуеш. Любата, а не «го». Вось — і зараз...

— Го!

— Го!

— Го!

Толькі адгалоскі пайшлі — няйначай аж да цэнтра зямлі.

І раптам у гэтыя адгалоскі ўплялося жаласнае тонкае скавытанне. Я натапырыў вушы.

— Ява! — кажу. — Там хтосьці ёсць.

— Мані!

— Ану, гокні і паслухай.

Ява перагнуўся і гокнуў. Мы прыслухаліся. І выразна пачулі з глыбіні плаксівае шчанячае скуголенне.

Мы пераглянуліся.

— Нейкая недарэка ўкінула туды цюціка, — сказаў Ява.

— Точна, — сказаў я.

— Ну дык што? — сказаў Ява.

— Трэба выцягваць, — сказаў я. Хаця мог гэтага і не гаварыць. Бо ён такім тонам запытаў, што гэта ўжо быў і адказ.

— Значыць, так, — сказаў Ява. — Я сядаю ў цэбрык і спускаюся. А ты мяне трымаеш.

— За што? Хіба я цябе так утрымаю?

— Ты і сапраўды слабак. Не ўтрымаеш.

— Дык, значыць, я спускаюся, а ты мяне будзеш трымаць, калі ты такі дужы.

— Не, спускацца буду я. Я першы сказаў... І... і ў цябе была тыдзень назад ангіна. Табе нельга ў калодзеж. І наогул, у цябе насаглотка... Мы, ведаеш што, — вяроўку прывяжам вунь да таго бруска — вагі. І ты будзеш цягнуць. Вельмі зручна.

— А дзе ўзяць вяроўку?

— А вось шворка.

— Дык на ёй жа каза. Разам з казою прывяжам, ці што?

— Каза так пагуляе, нідзе не дзенецца.

— Ну што ж, давай!

— Мме-е-е! — радасна праспявала адвязаная каза і адразу пабегла ў шкоду. Але нам не было часу яе выхоўваць.

Ява сеў у цэбрык, я ўзяўся за шворку, прывязаную да бруска на кароткім плячы жураўля.

— Папускай! Папускай паціху, — загадаў Ява.

Аперацыя пачалася.

Спуск прайшоў нармальна, і праз нейкія паўхвіліны пачулася глухое, як з бочкі, Явава: «Стоп! Харош!»