Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 3
Усевалад Нястайка
Гэтым летам адзін дачнік ледзь не памёр з перапуду. Ляжаў на выгане голы-голенечкі — загараў. Галава пад парасончыкам, усё астатняе на сонцы. І раптам — Пецька. Дачнік як ірвануў. Бугай следам. Дачнік тоўсты. Бачыць — не ўцячэ. А тут тэлеграфны слуп на дарозе. Як той дачнік на той слуп уздзёрся — дагэтуль невядома. Але факт — паўдня загараў на ізалятарах, аж пакуль не пад'ехаў камбайнер Мікіта і не зняў яго. Дачнік штаны нацягнуў і адразу на станцыю — дахаты ехаць.
Не, няхай з бугаём Пецькам нашы ворагі б'юцца.
Другой кандыдатурай быў стары казёл. Гэта я яго кандыдатуру вылучыў, каб адпомсціць. Дужа ненавісным быў для мяне казёл, бо з'еў маю сарочку, калі я купаўся.
Але Ява мяне не падтрымаў.
— Не, — сказаў ён. — Казёл залішне балбатлівы. Увесь час мекекеча. Мы і воплескаў не пачуем. Мы ж гаворым пра бой быкоў, а не казлоў. Трэба, каб было нешта бычынае, каровінае нешта — вялікае і крутарогае.
— Каровінае? — кажу. — Слухай, дык, можа, узяць проста карову? Бо, акрамя Пецькі, сапраўдных быкоў у нас няма, а кароў колькі хочаш. І наогул, нідзе не гаворана, што абавязкова патрэбны бык.
Ява задумаўся.
— Хто яго ведае, можа, і так.
— Тады, — кажу, — лепшай кандыдатуры за вашу Кантрыбуцыю і не прыдумаеш.
— А чаму Кантрыбуцыя? Чаму не ваша Манька?
— Таму, што ў нашай Манькі цялё і адзін рог зламаны. Ты хочаш, каб з нас смяяліся? Тарэадоры з аднарогай кароваю! Карыкатура. Такога яшчэ ніколі ў свеце не было.
— Можна, вядома, і Кантрыбуцыю. Але яна трохі псіхічная.
— Што значыць «псіхічная»? Прызнайся лепей, што ты проста мамы баішся.
— Я — баюся? Вось зараз як дам табе ў вуха, то пабачыш, як баюся. Ану, забяры свае словы назад!
— Я забіраю, але ты ўсё роўна баішся.
— Баюся?
— Баішся...
— Баюся?
— Баішся...
Я ўхапіў яго за вуха і ў той жа момант цюкнуў кулаком у жывот. Мы пакаціліся па траве на дарогу. Усё бруднае, што валялася на дарозе, начаплялася да нашых штаноў і сарочак.
Першы апамятаўся я.
— Пачакай, — кажу, — годзе! А то замест бою быкоў у нас выйшаў бой цельпукоў.
— Гэта ты вінаваты. Ну, добра, няхай Кантрыбуцыя. Заўтра пагонім пасвіць і паспрабуем. А то твая Манька і сапраўды для тэлевізара не падыходзіць. Яшчэ людзі падумаюць, што гэта не карова, а сабака.
Мне ўжо надакучыла біцца, і я зрабіў выгляд, нібы не зразумеў, як страшна ён абразіў нашу Маньку.
Назаўтра раніцай мы сустрэліся па дарозе на выган. Я гнаў Маньку, Ява — Кантрыбуцыю. Каровы валакліся, легкадумна матляючы хвастамі, і не падазравалі, які сёння гістарычны дзень.
На галаве ў Явы быў дамскі капялюшык, што застаўся нам у спадчыну ад нейкай дачніцы, якая адпачывала ў нас пазалетась. Капялюшык быў завялікім для Явы і насоўваўся на вочы. Каб хоць што-небудзь бачыць і не ўпасці, Ява вымушаны быў увесь час падкідаць галавой, папраўляючы яго. Здавалася, што Ява некаму кланяецца.
У мяне пад пахай быў кілімок. О, гэта быў знакаміты кілімок. Ён вісеў над маім ложкам. Кілімок быў чырвоны, і на ім было вышыта трое смешных шчанючкоў, якія сядзелі, прытуліўшыся адзін да аднаго галовамі. Гэта былі Цюця, Гава і Рэва, пра якіх мне калісьці маці расказвала розныя байкі, аж пакуль я не засынаў. Апошнія два гады, калі я падрос ужо, кілімок ляжаў у скрыні, і цяпер ад Цюці, Гавы і Рэвы дужа патыхала нафталінам.