Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 5

Усевалад Нястайка

Кантрыбуцыя бегала вакол канавы і мукала ў наш адрас свае каровіныя праклёны. У сажалку лезці яна не хацела. Гэта была гідлівая, акуратная карова.

Мы стаялі і маўчалі.

Дно сажалкі было гразкае, мулкае. Мы па саменькі пуп стаялі ў слізкай твані.

А вышэй, да самай шыі, была вада — каламутная і смярдзючая. Сапраўдныя памыі. Доўга мы тады прастаялі з Явам у тых памыях. Паўгадзіны, не меней. Аж пакуль Кантрыбуцыя не супакоілася і не адышлася. Яна была яшчэ вельмі гуманная і высакародная, карова гэтая — Кантрыбуцыя. Бо яна падкінула тарэадора Яву не рагамі, проста мордай. І калі мы нарэшце вылезлі з сажалкі, няшчасныя і завэдзганыя, як парсюкі (не мы, а сам бруд), яна і словам не напомніла нам пра нашы нядаўнія адносіны. Мы засталіся сябрамі. Ява пасля ўсяго не толькі ніколі больш не біў яе, але заўсёды частаваў цукеркамі, якія давала яму маці.

І цяпер, калі мы, журботна ўздыхаючы, засыпаем наша няўдалае метро, Кантрыбуцыя выглядвае з кароўніка і спачувальна пазірае на нас. Дарагая Кантрыбуцыя! Якое ў цябе вялікае і пяшчотнае сэрца. Ты адзіная разумееш і шкадуеш нас. Дзякуй табе, карова!

— Яшчэ не закончылі, антыхрысты! — так неспадзявана грымнуў ззаду дзед Варава, аж мы папрысядалі. Мы страцілі пільнасць, не заўважаючы, што ж у нас за спіной робіцца. Папаліся-такі.

Наперадзе сцяна свінарніка, з бакоў — густы бур'ян, ззаду дзед Варава. Уцякаць няма куды. Так і здранцвелі мы, прысеўшы, як кураняты перад каршуком.

— Не бойся, не крану!

Гэтыя словы нібыта паднялі нас, разагнулі нам ногі. І як быццам хтосьці роварнай помпай качнуў — так мы ўздыхнулі! І дрыготкія нашы вусны самі па сабе расцягнуліся ў агідную ліслівую ўсмешку. Але дзед на нашу ўсмешку не паддаўся. Не любіў дзед такіх усмешак. Суровы быў дзед Варава.

Яго твар быў шэры і плямісты, як залеташняе лісце. Вусны тонкія і моцна стуленыя, быццам у роце вада. Вочы без павек, круглыя і нерухомыя, як у пеўня. Здавалася, што дзед заўсёды нечым здзіўлены. Але так толькі здавалася. Мабыць, не было ўжо на свеце нічога, што магло б здзівіць дзеда Вараву. Яму пайшоў восемдзесят трэці.

— Канчайце, гаўрыкі, і ідзіце рыхтаваць урокі, дыктант на носе.

Мы скрывіліся. Мы гэта ведалі. І хто прыдумаў гэтыя дыктанты? Ды яшчэ вясною, калі ў паветры пахне футболам і цуркамі-палкамі, калі птушкі лямантуюць, як гандляркі на рынку, і калі так сонечна і цёпла, што мы з Явам ужо тройчы купаліся.

— Усё, здаецца. Так, як і было. Праўда ж? — нясмела пытае Ява, прытоптваючы нагамі свежую зямлю.

Дзед скоса пазірае на нашу работу — відаць, што ён не вельмі задаволены. Але кажа:

— Ідзіце, ідзіце ўжо. Але ведайце, яшчэ раз што-небудзь падобнае — вушы паабрываю і свінням выкіну.