Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 30
Усевалад Нястайка
— Ява! Ява! Ява! Ява! Ява!...
Наклікаўшыся да хрыпаты і зазірнуўшы ва ўсе самыя глухія закуткі, я пабег у школу.
«Можа, ён думае, што я сплю, вырашыў разведаць абстаноўку — яшчэ ж рана». Але і каля школы Явы не было. Усе былі, увесь клас (вось табе і рана!), усе, акрамя Явы.
Я кінуўся назад.
Я бегаў па вёсцы. Зігзагамі. З аднаго канца ў другі.
— Яву не бачылі? Не бачылі Яву? Ява Рэнь тут не праходзіў? — безнадзейна пытаўся я ва ўсіх, каго сустракаў.
Але ніхто не бачыў, ніхто.
Я выцягваў шыю, зазіраючы праз платы і парканы, і мне здавалася, што яна стала доўгай, як у гусака.
Я падбег да школы тады, калі баба Маруся ўжо хадзіла па падворку і калаціла званком і, нібыта не давяраючы яму, крычала:
— Званок! Званок!
Я кінуўся да яе:
— Ой, бабуся! Ой, не званіце яшчэ хвіліначку! Не званіце! Явы няма! Адну хвіліначку толькі!
Баба Маруся сумна паківала галавой і неяк вінавата сказала:
— Не магу, родненькі! Пазваніла ўжо. Позна. Каб раней, сыночак. Дзе ж гэта ён гойсае? Вось бяда! Ну, бяжы ў клас, а то і ты не паспееш.
Давялося ісці.
Заходзіць Галіна Сідараўна і абводзіць вачамі клас. Насуплівае бровы, пытае:
— А дзе Рэнь?
Я падхопліваюся з месца:
— Няма нешта... Не ведаю... Усю вёску аблётаў...
Галіна Сідараўна толькі мацней насуплівае бровы.
Урок пачынаецца. Я пішу механічна, нават не думаючы, што пішу. І мне зусім не страшна, я зусім не думаю пра кантрольную. Я думаю пра Яву. Дзе ён? Што з ім? Гэта проста не ўмяшчаецца ў галаве! Нешта здарылася... Можа, штосьці непапраўнае?.. Але — што? Што? Учора ж мы бачыліся, і ўсё было ў парадку. Разышліся позна ўвечары, калі трэба было спаць. Дамовіліся, што я раніцай зайду. «Можа, ён ужо нежывы?» — халадзею я.
— Цяпер уважліва праверце і здавайце, — ласкава-ласкава, як ніколі, кажа Галіна Сідараўна і ўсміхаецца нам, падбадзёрваючы.
Сапуць вучні, уткнуўшыся насамі ў кантрольную, — правяраюць. Аж пот на лбе выступіў ад напружання.
У мяне ў вачах літары скачуць рассыпаюцца ва ўсе бакі — не чытаецца. Не магу.
Вунь падхапіўся Карафолька, панёс. Першы. Выскачка!
Вунь ужо і Маціеўскі, і Грабянючка панеслі. А я яшчэ і да палавіны не дапоўз.
І раптам — дзверы расчыніліся і ў клас уляцеў Ява.
Я ажно падскочыў: жывы!
Жывы-то жывы, але — ну і ну! — які ў яго выгляд! Задыханы, брудны, мокры, у твані з галавы да ног.
Услед за ім у клас укаціўся такі ж запэцканы Сабакевіч.
Галіна Сідараўна адступіла назад і ледзь не ўпала.
— Што гэта значыць?
Ява маўчаў, апусціўшы галаву. І Сабакевіч не гаўкнуў, як у мінулы раз, не загырчаў нават, а падцяў хвост і схаваўся за Яву.
— У цябе нешта здарылася?! Што адбылося? Дома?
Ява маўчаў.
— Дзе ты быў?
Ява нарэшце растуліў вусны:
— У плаўнях.
— Што?!. У плаўнях? Што ты там рабіў?
Ява апусціў галаву яшчэ ніжэй і ціха сказаў:
— Лавіў рыбу.
Мне здалося, што ўнутры ў Галіны Сідараўны адбыўся выбух. І па ўсім класе разляцеліся асколкі.
— Што?!. Што?!. Ты пайшоў лавіць рыбу?! Ну... ну, ведаеш, гэта ўжо занадта! За-над-та! Гэта проста... проста абурае! Дык вось — пісаць кантрольную будзеш восенню! Як двоечнік! Май на ўвазе, што ты атрымаў двойку! Будзеш цяпер цэлае лета рыхтавацца.