Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 29
Усевалад Нястайка
Тут я татаў расказ вымушаны перапыніць, бо далей, нягледзячы на яго «разумееш», нічога не ўцяміў: нават мама толькі вачамі лыпала і чмыхала.
Зразумеў я толькі адно: хларэла — гэта рэч! Без яе да іншых планет няма чаго й рыпацца.
А раз хларэла — рэч, дык глабулус — тым больш, бо ён «за хларэлу, мабыць, яшчэ лепшы».
Адным словам, справа, якую робіць Фарадзеевіч з юннатамі-старшакласнікамі, мае сусветнае значэнне.
І яшчэ я зразумеў, што нічога ў гэтай справе не разумею. Нічагусенькі. Як карова. Зразумеў, што на адным жаданні, на гэтым: «Мы ўсё-такі хлопцы будзь здароў! Арлы! Сокалы! Гангстэры, а не хлопцы!» — далёка ў космас не заляціш. А каб нешта цяміць, трэба вучыцца, вучыцца і вучыцца. І тут я ўспомніў, што праз некалькі дзён — кантрольная, пра якую я праз гэтыя шпіёнскія справы зусім забыўся.
Эх, настаўнікі-настаўнікі! Хіба яны разумеюць што-небудзь у шпіёнах, у героях? Хіба яны разумеюць, як хочацца злавіць сапраўднага шпіёна і стаць героем? Каб пра цябе пісалі ў газетах, перадавалі па радыё ці нават па тэлевізары. Хіба яны разумеюць!
І не адменяць яны з-за шпіёна кантрольную, не, не адкладуць. Хоць ім сто шпіёнаў дай — не адменяць нізашто. Эх, настаўнікі-настаўнікі.
І так мне зрабілася адзінока, сумна, што калі б я быў ваўком, то сеў бы пасярод хаты і завыў. Але я быў не воўк, а пяцікласнік. А пяцікласнікам выць нельга. «Непедагагічна», як кажа Галіна Сідараўна.
І я цяжка-цяжка ўздыхаю.
РАЗДЗЕЛ VII. Кантрольная. Дзе Ява? Што з ім?.. Заданне на лета
Хвалявацца я пачаў яшчэ, мабыць, у сне. Бо калі прачнуўся, то, яшчэ вочы не расплюшчыўшы, адчуў, як холад сціскае сэрца, а яно то шалёна б'ецца-б'ецца, то замірае, нежывое, а ў гэты момант праз спіну ад патыліцы да пятак бягуць-бягуць сцюдзёныя бурбалкі — як быццам хтосьці аблівае мяне халоднай газіроўкай — і па ўсім целе гусіная скура.
Я пачаў панікаваць ужо некалькі дзён назад. Але Ява смяяўся і нукаў. Нібыта не кантрольная нас чакае, а навагодняе свята.
— Ну! Не дрэйфі, Паўлуша! Трымай хвост абаранкам! Мы ж з табою не нейкія там двоечнікі-парушальнікі. Мы здольныя хлопцы. Сама Галіна Сідараўна сказала. І чацвёркі і пяцёркі атрымлівалі. А калі двойкі — дык больш за выбрыкі розныя. Не дрэйфі!
Млявы, ледзь рухаючыся (рукі задзервянелі — так бывае, калі стукнешся аб нешта цвёрдае локцем), я падымаюся з ложка, апранаю новую сарочку. Выпіваю паўшклянкі малака і плятуся — яшчэ ёсць час — да Явы.
— Ява! — клічу праз плот.
Ён не адказвае.
«Няўжо гэта ў мяне няма сілы крыкнуць?»
— Ява! — клічу, як кажуць, на поўную катушку. Не адказвае.
Заходжу ў двор. Зазіраю ў хату. Потым у садок, гарод. Явы нідзе няма. І наогул нікога. Дзед Варава, мабыць, павёў Ярынку, сястрычку Явы, у дзіцячы садзік. А дзе ж Ява? Няўжо пайшоў у школу? Без мяне? Не можа быць?