Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 28
Усевалад Нястайка
Фарадзеевіч нахіляе тэрмас, і тоненькім струменьчыкам ільецца ў возера празрыстая вадкасць (якая, выяўляецца потым, была «спажыўным асяроддзем» глабулуса). Ільецца і дзюрчыць. Ільецца і дзюрчыць. Гэтае дзюрчанне здалося нам чароўнай музыкай.
— Скажыце, калі ласка, — нясмела пытае Ява, — а які ён будзе? Калі прыжывецца?
— Які? Бачыце гэты плёс? Ён будзе смарагдавым, як... Як шоўк. Уяўляеце?
Мы заківалі галовамі, хоць я, па праўдзе кажучы, не вельмі гэта ўяўляў.
— А які ён на смак? — пачуўся за намі голас Бурмілы (мы яшчэ раней заўважылі яго ўскудлачаную галаву, якая выглядвала з «прэзідэнцыі», але нам не да яго было).
— Як вам сказаць, — павярнуўся да Бурмілы Фарадзеевіч. — Асабіста я не каштаваў. Але думаю, што падобнае на салату...
— На салату... Скажыце! Выходзіць, пад «Сталічную» ў самы раз. Люблю салацікі... Дасце хоць пакаштаваць з першага ўраджаю?
І ён хрыпла зарагатаў.
— А чаму ж, калі ласка, — так шчыра і сардэчна адказаў Фарадзеевіч, што Бурміла адразу зніякавеў.
— Ды не, я жартую... Гэта я так, пасмяяцца. Дзеля жарту.
Мне нават здалося, што ён пачырванеў. Я глянуў на яго і падумаў: «Няўжо гэта шпіён? Жывы шпіён? Цьфу! Нейкі зусім не падобны. Ні ў якім кінафільме не было шпіёнаў, якія б чырванелі. Ні ў адной кнізе дэтэктыўнай...» Але Яву я нічога не сказаў, не адважыўся.
...У той дзень у вёсцы толькі й гаворкі было, што пра глабулус.
Куды ні ткнешся:
— Чулі? Фарадзеевіч з вучнямі водарасць на Высокім востраве вырошчвае. Асаблівую нейкую.
— Кажуць, карысная — жах! Вітамінаў шмат. Адны вітаміны.
— А ты што думаў — касманаўтаў трэба макухай карміць?
— А ўжо ж, для іх найлепшае прыдумаюць.
— Там вітамін на вітаміне сядзіць і вітамінам паганяе.
— А па-мойму, найболей вітамінаў — у гарэлцы.
— Кажуць, сам Паповіч прыедзе паглядзець на гэты «глабулус».
— ...а як нанач ім памазацца — дык на дваццаць гадоў памаладзееш.
— Усміхацца трэба часцей — тады памаладзееш.
І наогул, гавораць, дужа спажыўная. Усе сто працэнтаў арганізм засвойвае, адыходаў ні на капейку няма.
Сказаў сваё слова пра глабулус, вядома, і мой тата. Я нават не сумняваўся, што ён скажа. Мой тата — страшэнны «любіцель прэсы», як ён сам гаворыць. Без газеты і часопіса я яго, здаецца, ніколі й не бачыў. Есць — чытае, ідзе куды — чытае, тэлевізар глядзіць — таксама чытае. Так з газетаю ў руках і засынае.
І штодня за вячэрай ён праводзіць для нас з мамай палітінфармацыю — расказвае, што цікавага прачытаў за дзень. От жа ад яго я даведаўся пра гітлераўскія архівы на дне азёр у Аўстрыі і Чэхаславакіі, і пра шпіёнаў з аквалангамі, і пра ўсё іншае. Столькі цікавага, як мой тата, ніхто ў свеце, па-мойму, не ведае (хіба, можа, Сцёпа Карафолька). І гэты глабулус (ад хларэлы) быў для яго, як насенне.
— Гэтая хларэла, разумееш, цуд прыроды! Гэта ж, разумееш, унікальная рэч! Такая, разумееш, малюпасенькая, і не ўбачыш, а вялікія справы робіць. Гэта ж не толькі ежа для будучых касманаўтаў, астранаўтаў, гэта ж, разумееш, і вада, і паветра... Вось у мінулым годзе ў «Известиях» пісалі пра ўнікальны эксперымент савецкіх вучоных у Сібіры, калі цэлы, разумееш, месяц лабарантка Галя М. правяла ў гермакабіне, дзе паветра ўвесь час абнаўляла «аранжарэя» хларэлы — паглынала, разумееш, вуглекіслы газ і ў працэсе фотасінтэзу ператварала яго ў кісларод. Такі ж, разумееш, кругазварот праз культыватар хларэлы, праўда, з дзе-якой дадатнай ачысткай, рабіла і вада.