Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 31

Усевалад Нястайка

Яшчэ нейкае імгненне Ява стаяў, не верачы ў тое, што адбылося. Потым крутнуўся на месцы і як ашпараны выбег з класа. Верны Сабакевіч — за ім.

— Хто здаў работу, можа ісці, — ледзяным голасам сказала Галіна Сідараўна. Але нават калі б яна не сказала гэта — я не застаўся б у класе.

Не думаючы нават дачытваць дыктант, я кінуў яго на стол і выскачыў за дзверы.

Аднак Яву я ўжо не ўбачыў. Я памкнуўся ў адзін бок, у другі — Ява знік.

І зноў я бегаў па вёсцы, выцягнуўшы шыю, і зазіраў ва ўсе куткі. Але дарэмна. Явы не было.

І вы не думайце — я шукаў яго не для таго, каб спачуваць (хіба супакоіш чалавека ў такі час!). Я толькі хацеў, каб ён бачыў, каб ён ведаў, што я падзяляю яго гора і здольны дзеля яго на ўсё. Я ні слова не сказаў бы яму, толькі падняў бы вочы, і ён бы ўсё зразумеў.

І яшчэ — я ламаў галаву: што ж здарылася? Чаго ён апынуўся ў плаўнях? Гэта лухта, што ён лавіў рыбу — ніколі ў жыцці! Ён ніколі не пайшоў бы туды без мяне. Не паверу, хоць зарэжце! Мабыць, гэта звязана са шпіёнскімі справамі. Але калі ён паспеў? Пайшоў вечарам? Без мяне? Нічога не разумею.

Доўга я блукаў па вёсцы. І да рэчкі хадзіў, і на выган, і на могілкі нават зазірнуў (мы там калісьці вераб'ёў лавілі).

Потым падумаў: «Можа, ён ужо дома — абед хутка». Падышоў, выглядаю з-за плота асцярожненька (не хочацца дзеду на вочы трапіць, каб не распытваў). Не відно нешта Явы.

Па суседству, за высокім парканам — сядзіба Кныша. Ды і сам ён вунь — сядзіць на даху новай, не дабудаванай яшчэ хаты, кладзе чарапіцу.

Выйшаў на вуліцу дзед Варава — з вядром, да калодзежа.

Пабачыў Кныш дзеда Вараву, гучна павітаўся з вышыні:

— Добры дзень, дзеду!

— Здароў! — буркнуў нявесела дзед.

Тады Кныш неспадзявана, з наўмысным спачуваннем:

— Я чуў, што ў вас непрыемнасць вялікая. Хлопчык ваш дыктант у школе праваліў. Адзін на ўсю вёску... Вось, яй-бо!

Сярдзіта маўчыць дзед Варава. Моўчкі выцягвае з калодзежа вядро.

Кныш нязручна павярнуўся, седзячы на чарапіцы, і ледзь не паехаў па даху ўніз.

Я з нянавісцю гляджу на яго і, сашчапіўшы зубы, паўтараю ў думках: «Упадзі! Упадзі! Упадзі!»

Дзед Варава моўчкі выслухаў Кныша, выцягнуў вядро і, не прамовіўшы ні слова, патэпаў у хату.

Кныш пачаў усаджвацца лацвей і раптам паслізнуўся, сарваўся, прагрукацеў па даху і — гоп! — на зямлю. Нібы падзейнічала маё закляцце.

Я радасна загігікаў. Кныш, крэкчучы, падняўся. У гэты час з хаты (старой, што каля новай) выйшла Кнышыха.

— О, ты ўжо злез? — спакойна запытала.

— Злез, злез! Каб ты ўсё жыццё так злазіла! — сярдзіта прахрыпеў Кныш, паціраючы пабітае месца.

Тут мяне ўбачыла маці і паклікала абедаць.

Пасля абеду да саменькага змяркання я хадзіў па вёсцы як сам не свой. Месца сабе не знаходзіў.

Апусціўся на зямлю сіні вечар. Засвяціліся ў хатках вокны, прабіваючы чорны змрок садоў. Сеў я пад Явіным плотам і вырашыў — хоць да раніцы буду сядзець, а дачакаюся. Каб было мякчэй — сена ў суседзяў цераз дарогу з капіцы наскуб. Толькі добранька ўмасціўся — зірк, Ява. Паволі-паволі, як прывід, сунецца.