Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 19

Усевалад Нястайка

У мінулым годзе на адкрыццё сезона панаехала да нас шмат паляўнічых. Чоўны адразу ж паразбіралі. А кіеўскія запазніліся — ажно ноччу прыехалі. Не дасталася ім чоўнаў. Адна дзедава даўбанка засталася. Што рабіць?

— Удвух на гэтай даўбанцы няма чаго і думаць — патоне, — сказаў дзед. — А то можна было б паразвозіць.

— Дык па адным можна пераехаць, — кажа Ганабобель.

— Абсалютна правільна, — спакойна заўважыў дзед. — А адтуль хто човен будзе прыганяць?

— М-да, — глыбакадумна прамармытаў Ганабобель.

— А калі хлопцы памогуць? — сказаў даўгалыгі Алесь (мы якраз тут стаялі).

— Яшчэ патопіце мне іх, — буркнуў дзед.

— Ды не! Чаго там, — вырвалася ў мяне. — Мы ж лёгкія. Па чарзе будзем перавозіць. Калі перакулімся, то вы ж ведаеце, як мы плаваем. Як качкі.

— Ну што ж, паспрабуйце, — згадзіўся дзед. — Толькі распраніцеся, хлопцы. Бо, пэўна, прыйдзецца-такі пакупацца.

Паколькі я першы выскачыў, дык першы і перавозіў. Перавозіў Алеся. Але перавозіў, мабыць, не тое слова, бо перакуліліся мы каля самага берага, нават не паспелі ад'ехаць. Толькі ён сеў, толькі пачаў умошчвацца, як мы адразу перакуліліся. І хаця каля берага было зусім мелка, Алесь боўтнуўся ў ваду з галавою.

— Праклятая даўбанка! Душагубка, а не човен! Хай яе д'ябал! — лаяўся ён, вылазячы на бераг і ацепваючыся, як сабака.

Таварышы засмяяліся, а Папуша сказаў (ён гаварыў, шырока расцягваючы вусны, а разам з тым і словы):

— От вяртля-авае! Шчанё-ё. Уседзець немагчыма-а! Іголкі ў штанах! Зараз я паеду, калі ты такое...

І палез у даўбанку.

— Вы на дно, на дно сядайце, — раіў дзед.

Але на дне даўбанкі была вада, і Папуша не захацеў мачыць штаны.

Ён паклаў папярок бартоў дошчачку і сеў на яе. Дзед патрымаў даўбанку, пакуль мы ўмошчваліся, а потым адпіхнуў нас ад берага. Я пачаў асцярожна веславаць, і мы рушылі. Папуша сядзеў роўненька, як першы вучань за партаю. Абедзвюма рукамі трымаў на каленях стрэльбу, балансаваў ёю, як канатаходзец.

«Добра сядзіць, даплывём», — падумаў я. Мы ўжо былі на самай сярэдзіне ракі. І раптам нізка-нізка над намі з шумам праляцелі тры качкі.

Папуша адразу ўсхапіўся, ускінуў стрэльбу (паляўнічы ён быў вельмі азартны), але выстраліць не паспеў — мы страцілі раўнавагу. Човен пачаў хіліцца набок.

— Дзядзька! — крычу. — Асцярожна, перакульваемся...

Ён толькі па вадзе рукой — плясь, плясь, плясь...

Але хіба за ваду рукою ўтрымаешся? Боўць! Апошняе, што я бачыў, — гэта як новенькія гумавыя боты з доўгімі халявамі мільганулі ў паветры — і вада сышлася над ім. Я адразу вынырнуў і схапіўся за перакуленую даўбанку. На нейкае імгненне з вады выбулькнула галава Папушы — твару не відно; мокрыя валасы ўсё да падбароддзя заляпілі.

— Ружжо! — булькнуў ён і зноў знік пад вадой — як паплавок, калі рыба клюе.

Потым зноў выбулькнуў:

— Ружжо!

І зноў пад ваду.

— Што там у вас? — весела загукалі з берага.

— Дзядзька стрэльбу, здаецца, утапіў, — адказаў я.

Тут Папуша зусім ужо вынырнуў і, адплёўваючыся, закрычаў:

— Упусці-і-іў! Стэндавае! Цаны няма!