Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 20

Усевалад Нястайка

Ледзь-ледзь мы з ім да берага дабраліся — я даўбанку і вясло перад сабою штурхаў, а ён... Я ўжо баяўся, каб ён з гора сам не патануў. Плыве і стогне.

— Такое ружжо! Такое ружжо! Такое ружжо!

На беразе дзед пачаў супакойваць:

— Нічога, выцягнем! Вось хлопцы дадуць нырца і знойдуць.

Паслалі нас. Паплылі мы. Стараліся, стараліся — нічога не знайшлі. Дно глеістае, зацягнула стрэльбу, хіба знойдзеш.

Пакуль мы шукалі, дзед Варава супакойваў Папушу, а калі не знайшлі — дзед раззлаваўся: нібыта Папуша не сваю, а ягоную, дзедаву, стрэльбу ўтапіў.

— І чаго вы, дурань, усхапіліся? Чаго ўсхапіліся? Трэба было сядзець спакойненька. Едзь сабе, калі вязуць. Дык не — качак яму захацелася. Першаму. Яшчэ ніхто не страляў, а ён ужо, бач, усхапіўся. Такую каштоўную рэч утапіць! Хіба вам можна стрэльбу давяраць? З рагаткі вам страляць, а не са стрэльбы!

Папуша вінавата маўчаў, і не апраўдваўся, і не абражаўся, што дзед яго, кандыдата, лае, як вучня. Дзед часта на паляванні пад гарачую руку і лаяўся, і строіў кепікі з паляўнічых, і яны ніколі не крыўдзіліся. Нязручна ім было абражацца. Дзед Варава ведаў плаўні, як свае кішэні. У гады вайны быў тут правадніком у партызан — «галоўным лоцманам», як яго тады называлі. І ўсе паляўнічыя ведалі: калі паедзеш з дзедам на паляванне, ніколі без дзічыны не застанешся.

Колькі б ні прыязджаў пасля таго Папуша, заўсёды горка ўздыхаў, успамінаючы сваю «дарагую тапельніцу» (ён гаварыў пра яе, як пра жывую істоту, з пяшчотай і сумам). А калі «мазаў» — кідаў на зямлю сваю цяперашнюю «тулячку» і ледзь не таптаў яе нагамі:

— Праклятая! Хіба гэта стрэльба?! Аглобля габляваная! Лапаціна! Эх, калі б была жывая мая тапельніца! Хіба б я прамазаў па той качцы?!

Усё гэта азначала, што стрэльба і сапраўды для яго была вельмі каштоўнай рэччу і ныраць па яе варта было.

— Але што ж тады азначае той «вермахт», «падаруначак ад немцаў»? — сказаў я. — І тыя «дваццаць жалезных», і ўсё астатняе?

Да звычайнай, няхай сабе нават стэндавай стрэльбы ўсе гэтыя таямнічыя шпіёнскія словы ніяк не падыходзілі.

— Не, яны не па стрэльбу, — упэўнена сказаў Ява. — Гэта точна! Папуша, памятаеш, гаварыў, што ён добра таму заплаціць, хто яе выцягне, каб толькі выцягнулі. Дык чаго ж хавацца...

Правільна, я ўспомніў, Папуша так гаварыў. І ён заплаціў бы нават больш, чым тая стрэльба каштавала, бо, акрамя ўсяго, верыў, што ад яе залежала яго паляўнічае шчасце (штосьці залішне часта «мазаў» ён са сваёй новай «тулячкі»).

Варыянт са стрэльбай адпадаў.

Тым часам Бурміла зноў нырнуў, смешна дрыгнуўшы над вадой нагамі ў ластах. І амаль што адразу вынырнуў. З трубкі, якую ён трымаў у роце, як з фантана, метры на два ўгару, лупянула вада. Потым кашаль і лаянка:

— А... няхай яго чорт! Гэта ж утаплюся, і квіт! Навошта яно мне патрэбна!

— Ну, ша-ша-ша! Як хлапчук! — скрывіўся Кныш.

— Гэта чортавая маска мяне падводзіць, — Бурміла рвануў з твару маску. — Я думаю, што гэта так, як у процівагазе, і пачынаю дыхаць. А там — вада... Адразу захлынаюся. У мяне ж жабраў няма.

— Значыцца, трэба падстрахаваць. Падстрахаваць трэба. Прывяжам да тваёй нагі вяроўку, я канец у руцэ буду трымаць — для страхоўкі. У выпадку чаго, я раз — і выцягну. Але тое ўжо іншым разам. На сёння досыць. — Кныш глянуў на гадзіннік: — А то я на аэрадром спазняюся. Я ж табе казаў — спецзаданне.