Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 17

Усевалад Нястайка

Ява падміргнуў мне. Я ціхенька хмыкаю ў адказ ( я падміргваць не ўмею, у мяне адразу два вокі заплюшчваюцца, як у дзеда Варавы). Малайчына старшына! Дзякуй! Геройская міліцыя ў Кіеве.

Потым мы ўсе выходзім з музея і ідзём на Ўладзімірскую горку. І старшына Палянічка разам з намі.

Потым мы едзем у Палац піянераў. (Ух, здорава! Вось гэта палац! Казка!) І старшына Палянічка разам з намі.

Потым мы сядаем на машыну (Кныш з Бурмілам даўно ўжо тут і паводзяць сябе вельмі спакойна — нібы самыя звычайныя людзі) і адпраўляемся ў дарогу.

А старшына Палянічка ўрачыста прыкладае руку да шапкі і стаіць так, аддаючы чэсць, пакуль мы не знікаем.

І зноў сама сабою завялася песня.

Мы з Явам хітравата пераглядваемся і цягнем яе на ўсё горла.

І так нам весела, што мы аж кладзёмся. Але Галіна Сідараўна нічога не чуе і не бачыць — спявае, заліваецца.

Бывай, Кіеў! Бывай, старшына Палянічка!

РАЗДЗЕЛ IV. Трэніроўка на плёсе. А ці не шукаюць яны Папушыну стрэльбу

Бязлюдны плёс у плаўнях. На пясчаным астраўку за карчом вербалозіны сядзіць Бурміла ў шырачэзных смешных трусах, падобных на жаночыя. На нагах у яго ласты. У роце трубка акваланга, да твару ён прыладжвае маску. Чмыша, як кот — насішча перашкаджае. Праз шкло маскі заглядвае Бурміла ў брашуру, якую трымае ў руках, — звяраецца з інструкцыяй. Поруч — апрануты Кныш. Вось Бурміла адклаў брашуру. Пайшоў да вады, чапляючыся за зямлю ластамі і спатыкаючыся. Гэп! — упаў. Падняўся. Не выпускаючы з зубоў трубкі, нешта гудзе, мабыць, лаецца.

Зайшоў у ваду. Нырае. Над вадой нейкае імгненне дрыгаюцца хударлявыя валасатыя ногі ў ластах, потым знікаюць. Няма Бурмілы, толькі бурбалкі па вадзе пайшлі.

Кныш уважліва пазірае на ваду. Секунда, дзве, тры...

Ажно па вадзе пайшлі бурбалкі, бурбалкі, бурбалкі... Рраз! — і выбулькнула галава Бурмілы. Ліхаманкава зрывае Бурміла маску, трубку. Адштурхоўваецца, адплёўваецца. Цяжка дыхаючы, вылазіць з вады.

— Ху... Ху... Цьху... Ледзьве не ўтапіўся. Ху-у-у. Нельга мне яшчэ на глыбіню ісці. Небяспечна. Добранька патрэніравацца спачатку трэба. А ўжо ж там метраў шэсць або нават і ўсе восем будзе.

— Вядома, вядома... Патрэніруйся... Як жа! — супакойвае яго Кныш. — Але ты здорава. Справа пойдзе! Калі б я так мог...

— Так, нялёгкая гэта, бач, штуковіна. Здароўе, як у вала, трэба, — набівае сабе цану Бурміла.

— Затое потым... Ты мне потым боты будзеш цалаваць. Жыццё, як у раі, будзе, — Кныш клацнуў сябе пальцам па шыі і гігікнуў. Бурміла таксама гігікае ў адказ.

І ні Кныш, ні Бурміла не ведаюць пра тое, што мы з Явам усё бачым і чуем. Мы зашыліся ў чарот на другім беразе і назіраем. Па чарзе мы перадаём адзін аднаму стары палявы бінокль майго бацькі. Хаця бінокль падслепаваты на адно вока, але ўсё ж гэты бінокль у шэсць разоў набліжае да нас аб'ект назірання.

Нам пашчасціла: на наступны ж дзень пасля прыезду з Кіева мы «ўзялі след» — высачылі, як Бурміла з Кнышом падаліся ў плаўні, і ціхенька сабе паплылі за імі на чоўне-пласкадонцы.

І вось назіраем.

— Слухай, — шэпча Ява, — а можа, яны ныраюць па тую стрэльбу са стэнда, што Папуша ўтапіў?