Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 18

Усевалад Нястайка

Я няўпэўнена перасмыкнуў плячамі, не адрываючыся ад бінокля (зараз мая чарга). І ўспамінаю пра тую стэндавую паляўнічую стрэльбу.

Праўду гавораць — тут, у нашых плаўнях, для паляўнічых рай. Ад нашай вёскі далёка-далёка цягнуцца яны на поўдзень. Куды ні кінеш вокам — усюды плаўні без канца-краю. Плёсы мяжуюць з балацінамі, з астраўкамі, што параслі вербамі і лазою. Але найчасцей плаўні — гэта чараты, чараты, высачэзныя, трохметровыя, непралазныя чараты.

У тых чаратах людзі папраразалі так званыя «стружкі» — вузкія павілястыя калідорчыкі з чыстай вадой, па якіх можна праплысці на чоўне. Заблудзіцца ў гэтых стружках — раз плюнуць.

Невыпадкова ў час вайны нашы плаўні былі партызанскім краем. Сотні партызан хаваліся тут, і немцы нічога не маглі з імі зрабіць.

А дзічыны ў плаўнях — як камарэчы, аж цёмна. І качкі, і чыркі, і дзікія гусі. Чаго толькі няма!

Уяўляю, колькі паляўнічых наедзе сёлета ў жніўні на адкрыццё палявання «па пяру». І кіеўскія, вядома, прыедуць, якія заўсёды прыязджаюць.

Той даўгалыгі чарнявы Алесь, у якога свая «Волга» ёсць. І хітраваты, як яго называе дзед Варава, Ганабобель — вастраносенькі, драбназубы, з вялікімі вушамі, у акулярах — і сапраўды падобны на лісічку. І няўклюдны, круглатвары немалады ўжо Папуша. І паважны лысы Бубчанка.

Усе яны кандыдаты ў нейкія навукі. Што такое кандыдат, мы добра ведаем. Маці Явы была кандыдатам у дэпутаты раённага Савета. Яе біяграфія з фатаграфіяй вісела на сцяне нашай школы. Але нядоўга. Прайшлі выбары, і яна стала дэпутатам. А гэтыя трэці год прыязджаюць, і ўсё яшчэ кандыдаты.

— Нешта доўга іх не выбіраюць — казаў Ява. — Мабыць, не вельмі здольныя да навукі. Як мы з табою.

— Мабыць, — згаджаюся я.

Вось і на гэты раз, пэўна, прыедуць кіеўскія кандыдаты.

Па старой завядзёнцы, спыняцца зноў у дзеда Варавы. Яны ведаюць, у каго кватараваць. Вечарам, па даўняй паляўнічай традыцыі, будуць доўга вячэраць, расказваць розныя паляўнічыя гісторыі, спяваць і строіць кепікі адзін з аднаго. А на досвітку дзед разбудзіць іх, і яны падхопяцца — заспаныя і як хворыя. Пахапкі збіраючы сваё паляўнічае прычындалле, будуць крывіцца ад галаўнога болю, дрыжаць ад ранішняй сырасці і стагнаць. А Бубчанка наогул не захоча ўставаць. Накрыўшы твар капелюшом, ён будзе бубнець з-пад яго ахрыплым сонным голасам.

— Лажыцеся! Чаго вы падхапіліся?! Ноч на дварэ. Не паспелі заснуць — і ўжо... Хрр-у, — і адразу ж дае храпака.

Яны будуць доўга раскатурхваць яго, ён — адбрыквацца і гаварыць: «Ідзіце, я вас даганю» — нарэшце вылаецца і ўстане. І яны паплятуцца ў плаўні. Дзед на даўбанцы, яны — на пласкадонках. Дзед толькі тое і робіць, што стаіць і чакае іх. Бо яны не плывуць, а зігзагамі блытаюцца па вадзе: з левага борта грабянуць — човен управа паверне, з правага грабянуць — у левы бок плыве, і так увесь час. Даўбанка ж дзедава — як па струнцы йдзе. Ну і даўбанка ў дзеда Варавы. Лёгкая, як пярына, ляціць па вадзе, як птушка, як тыя караблі на падводных крылах. Але ўседзець у ёй ніхто, акрамя дзеда, не мог. Вельмі ўжо вёрткая была даўбанка. Плывеш на ёй, нібыта па дроце ідзеш — увесь час балансаваць трэба.