Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 16
Усевалад Нястайка
Трэба было шукаць сваіх. Гэта было нялёгка. Ведаеце, колькі там пакояў!
Першы паверх (старажытны час) нам не вельмі спадабаўся. Там не было нічога цэлага — усё кавалкі нейкія, абломкі, чарапкі пабітыя. І самае пачэснае месца займае спарахнелы човен. Вось гэта каштоўнасць! Я вам такога на нашай рэчцы колькі хочаце знайду.
Але другі паверх... Вось гэта сапраўды! У нас ажно вочы разбегліся. Вунь воз чумацкі сапраўдны. На такіх вазах нашы продкі калісьці ў Крым па соль ездзілі. А вось карэта залатая, у якой мітрапалітаў кіеўскіх вазілі. Нішто сабе карэта. Ой, глянь, зброя казацкая, самая сапраўдная. Ого-го шабля! Дай такую ў рукі старшыне Палянічку, ён толькі — рраз! Мы ўявілі нашага міліцыянера ў казацкіх шараварах, з шабляю ў руцэ. Нішто! Няблага атрымліваецца. А вунь ружжо, стрэльба. Ох і доўгая! А пістоль які!
Трэці паверх. Вялікая Айчынная вайна. Вызваленне Ўкраіны ад фашысцкіх захопнікаў. Тут ад кожнага стэнда павявае подзвігам, геройскай славай. Вось трафеі — поўная скрыня гітлераўскіх ордэнаў, хоць лапатай грабі. А вунь асабістыя рэчы разведчыка Кузняцова, які дзейнічаў у тыле ворага і выкраў нямецкага генерала. Ой, не спяшайцеся, дайце паглядзець. Гэта ж нам зараз так патрэбна, так патрэбна. Мы ж цяпер гэта ўсё так разумеем, як ніхто... Мы ж, магчыма, зараз самыя сапраўдныя разведчыкі (хоць вы, таварыш Палянічка, і смяяліся!). І ўсё гэта нам во як патрэбна ведаць! Во! Во! Во! Вунь жа розныя сакрэтныя дакументы. Вунь... Насустрач нам спяшаецца Галіна Сідараўна, а за ёй следам усе нашы. Твар Галіны Сідараўны аж палае.
— Вы мяне да інфаркту даведзяце! Дзе вы былі? Дзе?
— Згубіліся, — каецца Ява.
— Заблудзіліся, — каюся я.
— Згубіліся-заблудзіліся! Дваццаць дзевяць вучняў у экскурсіі. І ніхто, акрамя вас, не згубіўся, не заблудзіўся. Мяне паралюш разаб'е праз вас.
Мы ўздыхаем. Мы не хочам, каб Галіну Сідараўну разбіваў паралюш. Няхай будзе здаровая.
— Не сварыцеся на іх, вельмі прашу. Яны болей не будуць, — гаворыць старшына Палянічка, падкручвае вусы, і вочы ў яго затуманьваюцца.
— Ах, прабачце! Я нават не падзякавала вам. Дзякую. Дзякую, — адразу пачырванеўшы, гаворыць Галіна Сідараўна, робіць вусны банцікам, і вочы ў яе таксама затуманьваюцца.
— Няма за што. Гэта наш абавязак.
-Ну, усё-такі, усё-такі... Турбаваліся, прывозілі... Дзякуй вялікае! Не ведаю, што б я і рабіла.
Гаворачы, старшына Палянічка не зводзіць нейкіх па-асабліваму лагодных вачэй з Галіны Сідараўны.
А Галіна Сідараўна, наадварот, то зірне на яго, то апусціць вочы. І размаўляе яна з міліцыянерам якімсьці надзвычай меладычным мяккім голасам — зусім не так, як з намі.
— Вы дарэмна так хвалюецеся, нервы сабе псуяце. Хлопцы яны вёрткія, пранырлівыя, нікуды не дзенуцца, — гаворыць старшына і пазірае на Галіну Сідараўну, як арол.
— Ах, ведаеце! З імі так цяжка, так цяжка... Я іх люблю, але... — як галубка, вуркоча Галіна Сідараўна і гладзіць па галаве спачатку мяне, потым Яву.