Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 15
Усевалад Нястайка
— Зразумела! «Аквалангі на дне». Глядзеў. А хто яны, вашы шпіёны? Адкуль узяліся? З-за акіяна?
— З нашай вёскі.
— Ага, мясцовыя, значыць. Калгаснікі. Як прозвішчы?
Ява разгублена зірнуў на мяне. Ён ужо шкадаваў, што пачаў гэтую размову. Міліцыянер гаварыў пасміхаючыся, відаць, ні слову не паверыў.
— Як жа прозвішчы вашых шпіёнаў? Га? — усміхаючыся, паўтарыў старшына. — А можа, гэта сам старшыня калгаса? Або дырэктар школы? Або калгасны вартаўнік, які яблыкі не дае латашыць? Га? Чаго маўчыце?
Раптам машына спынілася.
— Ну, прыехалі. Вылазьце, шэрлакі холмсы, — сказаў старшына Палянічка.
Вылезлі мы. Турму вачамі шукаем. Нешта не відаць. Направа царква, а прама — вялікі шэры будынак з калонамі, на тэатр падобны. Няўжо ў Кіеве такая турма?
Толькі мы падумалі пра гэта, а міліцыянер і кажа:
— Гэта, хлопцы, гістарычны музей, дзе ваш клас з настаўніцай. Ідзём пашукаем іх. А то яны, пэўна, хвалююцца, думаюць, што вы назаўсёды згубіліся.
«Дык вось яно што, — радасна забіліся нашы сэрцы. — Дык вы, значыцца, не ў турму нас, таварыш Палянічка. А ў музей, да Галіны Сідараўны. Ох! Які ж вы малайчына, які ж вы добры чалавек!»
— І не хвалюйцеся, хлопцы! — супакоіў нас добры чалавек. — Я вашай настаўніцы скажу, што вы сачылі за шпіёнамі. Яна не будзе сварыцца. Гэта ж справа сур'ёзная! Дзяржаўная!
— Не трэ...
— Не ка... — адначасова ўсклікнулі мы. А што, як... На ўсю вёску засмяюць! Навошта Ява сказаў!
— Ён па... пажартаваў, — зіркнуўшы на Яву, паспешліва сказаў я.
— Умгу! — насупіўшыся, пацвердзіў Ява.
— Мы проста хацелі... хацелі... — я ніяк не мог прыдумаць, што ж мы хацелі.
— У Дняпры пакупацца, — падхапіў Ява. — Таму і змыліся. Бо Галіна Сідараўна не дазваляе. А ў нас жа Дняпра няма. А Дняпро ж, ведаеце...
— Ведаю, — усміхнуўся старшына. — Ну добра. Бачу, вы хлопцы спрытныя, вынаходлівыя... Сам калісьці быў такі. Толькі падманваць не трэба. Пайшлі.
Падняліся мы па прыступках на плошчу перад музеем. На зямлі нешта з камення выкладзена — нібы велічэзныя «класы».
— Гэта, — кажа старшына, — самае старажытнае месца ў Кіеве. Тут тысячу гадоў назад Дзесяцінная царква стаяла. Гэта яе падмурак.
На пальчыках прайшлі мы па гэтым падмурку. А за падмуркам — вялікая трохкутная палянка, роўненька абсаджаная кустамі, і пасярод яе — мы нават вачам веры не далі — вялізная капіца сена. У цэнтры Кіева на самым старажытным месцы — капіца сена, як на лузе. Вось здорава! І тая капіца нам такая любая, нібыта прывітанне з роднай Васюкоўкі.
Глядзім, а за капіцай, каля самага ўвахода ў музей, гарматы стаяць, пяць гармат.
— Гэта што? — адважыўшыся, запытаў я.
— Гэта, брат, артылерыя, якая была ў нас на ўзбраенні ў сорак трэцім, калі Кіеў ад фашыстаў вызвалялі, — паясніў міліцыянер.
— А вы гэта... вы таксама вызвалялі? — запытаў і зніякавеў Ява, што так нясціпла запытаў.
— Вызваляў, хлопцы. Што было, тое было, — проста адказаў старшына. — Нават параніла мяне тут, у Кіеве. У шпіталі тут ляжаў. Кіеў для мяне кроўны, родны горад.
Мы неяк зусім па-новаму глянулі на яго. Вунь ён, значыць, які — старшына Палянічка. Хацелі яшчэ пра што-небудзь запытацца, але старшына ўжо вёў нас у музей.