Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 98

Леў Мікалаевіч Талстой

— Ну, вось цяпер усё добра,— сказаў ён, абтрасаючы з сябе снег.— Чаго заліваешся! — зноў павярнуўся ён да сабакі.— Ды ўжо хопіць табе! Хопіць, дурань, хопіць. Толькі сябе непакоіш,— казаў ён.— Не злодзеі, свае...

— А гэта, як кажуць, тры хатнія дарадчыкі,— сказаў хлопец, закідваючы дужаю рукою пад паветку санкі.

— Як гэта дарадчыкі? — спытаў Мікіта.

— А так у Пульсоне надрукавана: злодзей падкрадаецца да хаты, сабака брэша,— не зявай, значыць, глядзі. Певень спявае — значыць, уставай. Кот мыецца — значыць, дарагі госць, рыхтуйся пачаставаць яго,— сказаў хлапец, усміхаючыся.

Пятруха быў пісьменны і ведаў амаль на памяць кнігу Паульсона, адзіную, якая была ў яго; ён любіў, асабліва калі быў крышку пад чаркаю, як і сёння, прыводзіць з яе выслоўі, якія на яго думку найбольш падыходзілі да таго ці іншага выпадку.

— Гэта так,— сказаў Мікіта.

— Змерз, пэўна, дзядзечка? — дадаў Пятруха.

— Так, ёсць-такі,— сказаў Мікіта, і яны пайшлі праз двор і сенцы ў хату.

IV

Двор, куды паехаў Васіль Андрэевіч, быў адзін з самых заможных у вёсцы. Сям’я трымала пяць надзелаў і наймала яшчэ зямлю на старане. Коней у двары было шасцёра, тры каровы, два падцёлкі, штук дваццаць авечак. Усіх сямейных у двары было дваццаць дзве душы: чатыры сыны жанатыя, шасцёра ўнукаў, з якіх адзін Пятруха быў жанаты, два праўнукі, трое сірат і чатыры нявесткі з малымі. Гэта была адна з рэдкіх гаспадарак, якія аставаліся яшчэ непадзеленыя; але і ў ёй ужо вяліся глухія ўнутраныя, як заўсёды пачатыя між бабамі, нелады, якія немінуча павінны былі неўзабаве прывесці да падзелу. Два сыны жылі ў Маскве, былі вадавозы, адзін быў у салдатах. Дома цяпер былі стары, старая, другі сын — гаспадар і старэйшы сын, які прыехаў з Масквы на свята, і ўсе бабы і дзеці; апрача хатніх, быў яшчэ госць-сусед і кум.

Над сталом у хаце вісела з верхнім шчытком лямпа, якая ярка асвятляла пад сабой чайны посуд, пляшку з гарэлкаю, закусь і цагляныя сцены, на покуце ўвешаныя абразамі і па абодва бакі ад іх малюнкамі. На першым месцы за сталом сядзеў у адным чорным кажушку Васіль Андрэевіч, абсмоктваючы свае замёрзлыя вусы і аглядаючы вакол народ і хату сваімі пукатымі ястрабінымі вачыма. Апрача Васіля Андрэевіча, за сталом сядзеў лысы сівабароды стары гаспадар у белай саматканай кашулі; побач з ім, у тонкай паркалёвай кашулі, з шырознай спіной і плячмі,— сын, які прыехаў з Масквы на свята, і яшчэ другі сын, шыракаплечы — старэйшы брат, які гаспадарыў у доме, і хударлявы рыжы мужык — сусед.

Мужыкі паспелі выпіць і закусіць і цяпер збіраліся піць чай, самавар ужо шумеў, стоячы на падлозе ля печкі. На палатках і на печцы відаць былі дзеці. На палку сядзела баба з калыскаю. Старая гаспадыня са спярэшчаным ва ўсіх напрамках дробнымі маршчынкамі, якія моршчылі нават яе губы, тварам, частавала Васіля Андрэевіча.

У той час як Мікіта заходзіў у хату, яна ўжо наліла ў шклянку з тоўстага шкла гарэлкі і падносіла яе госцю.

— Не крыўдуй, Васіль Андрэевіч, нельга, павіншаваць трэба,— казала яна.— Выпі, галубок.